Не «нахімічыш» – не атрымаеш

Для аграрыяў адно з найбольш надзённых – пытанне забеспячэння гаспадарак мінеральнымі ўдабрэннямі. Неарганічныя злучэнні, своечасова ўнесеныя ў глебу, – гэта шчодры ўраджай і ў перспектыве – павышэнне агульнай урадлівасці нівы. Але, як расказаў вядучы аграхімік раёна Генадзій Русін, на справе так атрымліваецца не заўсёды. Сёння ў сельгаспрадпрыемствах у наяўнасці 39 працэнтаў ад патрэбы азоту, фосфару, калію. Асабліва мала фосфару – энергетычнага элемента, які актывізуе рост каранёвай сістэмы расліны і паскарае развіццё ўсіх працэсаў, – усяго 4 працэнты. Яго крыху назапасілі ў СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы” і ў ЗТАА”БелДан”, у астатніх гаспадарках – пуста. Прычым, пакуль ніхто не праяўляе асаблівай актыўнасці, каб выдзеліць сродкі і набыць удабрэнне. Толькі ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” пералічыў 500 мільёнаў рублёў і неўзабаве 900 тон амафосу будуць у ягоным распараджэнні.
– У СВК “Жарабковічы плануюць кампенсаваць недахоп фосфару ўнясеннем большай дозы азоту, – расказвае Генадзій Русін. –Гэтае неарганічнае злучэнне ўзмацняе рост масы расліны, павялічвае ўраджайнасць. Але ёсць апасенне, што без фосфару будзе цяжка рэгуляваць вегетатыўныя працэсы, тым больш, што і летась яго было ўнесена недастаткова…
Дарэчы, гаспадаркам Ляхавіччыны сёлета выдзелены мэтавы крэдыт у памеры 3440 мільёнаў рублёў. Першы транш – 1505 мільёнаў – пералічаны на закупку азотных тукаў. Ён размеркаваны паміж сельгаспрадпрыемствамі, у якіх запасы мінеральных удабрэнняў мізэрныя, а пасяўныя плошчы значныя. Адкрытыя рахункі для СВК “Шлях новы”, ДП “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, агракаледжа, не засталіся без увагі і фермерскія гаспадаркі.
З калійнымі ўдабрэннямі ў сельгаспрадпрыемствах раёна асаблівых праблем няма: у наяўнасці 72 працэнты ад патрэбы. Аднак, не пашкодзіла б актыўней уключацца ў работу: падкормку азімых і шматгадовых траў вядуць толькі некалькі гаспадарак, выбарачна, на ўзвышаных участках пасеваў. Дарэчы, летась уносіць азот распачалі на 2 тыдні раней, чым сёлета.
Аліна ЛАПІЧ.

Выкарыстана ілюстрацыя з сайта www.semiramida.kz

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *