Заказная кватэра

Прыемная навіна для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пачалося будаўніцтва чарговага 40-кватэрнага дома, які ўзводзіцца па дзяржаўным заказе па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры. Як расказала эканаміст упраўлення капітальнага будаўніцтва Людміла Маслоўская, тэндар на будаўніцтва шматкватэрніка выйграла ААТ «Пінсксаўгасбуд».

Зараз ПМК-13 дабудоўвае другі паверх дома агульнай плошчай 2037 квадратных метраў. Плануецца, што новабудоўля будзе прынята спецыяльнай камісіяй у жніўні гэтага года.
Пры будаўніцтве па дзяржзаказе дом узводзіцца за кошт крэдытаў, выдзеленых упраўленню капітальнага будаўніцтва. Пасля здачы ў эксплуатацыю чаргавікі, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, змогуць набыць кватэры па дагаворах куплі-продажу з УКБ. З 50 будучых кватэр – 2 (адна- і двухпакаёвую) атрымаюць супрацоўнікі міліцыі, 2 аднапакаёвыя будуць перададзены гораду ў якасці сацыяльнага жылля.
Па словах галоўнага спецыяліста аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Святланы Кабяшовай, у нашым раёне на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па стане на 21 сакавіка знаходзіцца 676 чалавек, у тым ліку 31 мнагадзетная сям’я. 101 чаргавік мае права на сацыяльнае жыллё (дзеці-сіроты, інваліды, адзінокія пенсіянеры).
У мінулым годзе пабудавалі 2842 квадратныя метры жылля (арэндны дом № 56 па вуліцы Леніна і 40-кватэрнік па дзяржзаказе па вуліцы Інтэрнацыянальнай). Таксама ўведзены ў эксплуатацыю 4061 квадратны метр (у тым ліку 2820 – па горадзе) жылля ў межах індывідуальнага будаўніцтва.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *