Ашчаднасць – рыса гаспадарская

У мінулую пятніцу ў райвыканкаме прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Зіноўскі. З папярэдне запісаных на прыём на сустрэчу прыехаў толькі адзін жыхар Ляхавіцкага раёна.

Ад імя жыхароў вёсак Карані, Тумашы, Дайнякі ён неаднойчы звяртаўся ў розныя інстанцыі па пытанні газіфікацыі, дакладней, вырабу адпаведнай праектна-каштарыснай дакументацыі за кошт бюджэту. Вяскоўцам прапаноўваліся розныя варыянты, у тым ліку і самім часткова прафінансаваць распрацоўку праекта. Кошт пытання – 200 мільёнаў рублёў.

Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі да выдзялення бюджэтных сродкаў падыход вельмі ашчадны. Грошы ўкладваюцца толькі ў найбольш важнае і перспектыўнае. Для Ляхавіцкага раёна, як і іншых датацыйных, сума ў 200 мільёнаў рублёў немалая. На яе прэтэндуюць многія сацыяльна і эканамічна значныя праекты.

Міністр эканомікі паабяцаў дасканала разабрацца ў сітуацыі і па магчымасці паспрыяць яе вырашэнню. І ўсё ж, падкрэсліў Уладзімір Зіноўскі, заяўніку і яго аднавяскоўцам варта разгле-дзець адзін з самых рэальных варыянтаў – самастойна ўнесці частку грошай. Міністр прапанаваў абдумаць, ці мэтазгодна сённяшнім часам газіфікаваць жыллё. Цяпер насельніцтва за кубічны метр газу плаціць 776, 3 рубля, а рэальны кошт – 3738,1 рубля. Ацяпляць дом газам зусім не таннае задавальненне.

– Звароты грамадзян, у тым ліку да кіраўнікоў міністэрстваў і рэспубліканскіх ведамстваў, гавораць пра давер людзей і сведчаць пра адкрытасць, празрыстасць і публічнасць работы, – адзначыў міністр эканомікі. – Правядзенне выязных прыёмаў дазваляе сустрэцца з грамадзянамі і на месцы, на ўласныя вочы ўбачыць, чым жыве раён, як працуюць прадпрыемствы. Гэта своеасаблівая магчымасць скарэкціраваць намечаныя задачы, новыя праекты.

Невялікую колькасць заяўнікаў Уладзімір Іванавіч патлумачыў тым, што мясцовая ўлада шмат увагі надае менавіта праблемам і вырашэнню вострых пытанняў грамадзян.  Уладзімір Зіноўскі станоўча ацаніў сацыяльна-эканамічны стан раёна, работу, праведзеную ў раёне па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку, чысціню і ўтульнасць Ляхавічаў. Падкрэсліў заслугу ў гэтым і кіраўніцтва раёна.

Міністр пабываў на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, пазнаёміўся з сучаснай мадэрнізаванай вытворчасцю, адзначыў эканамічную стабільнасць, выпуск канкурэнтаздольнай, высакаякаснай, запатрабаванай спажыўцамі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі прадукцыі, пашырэнне рынкаў збыту, ідэальны парадак і выдатныя ўмовы працы на прадпрыемстве.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *