Атакуюць кляшчы

З ранняй вясны да позняй восені вяскоўцаў і гараджан бесперапынна атакуюць небяспечныя кляшчы. Падхапіць ад іх інфекцыю даволі проста – дастаткова аднаго ўкусу насякомага. “Сустрэцца” з кляшчом можна ў лесе, збіраючы ягады ці грыбы, падчас работы на дачным участку ці адпачынку ў парках і скверах. У мінулым годзе з укусамі кляшчоў у лячэбныя ўстановы Ляхавіччыны звярнуліся 95 чалавек, зарэгістравана 6 выпадкаў захворвання лайм-барэліёзам (на Брэстчыне – 110 выпадкаў гэтай хваробы і 25 – клешчавага энцэфаліту).
Клешчавы энцэфаліт – вострае віруснае захворванне. Пасля ўкусу кляшча захворванне развіваецца ў перыяд ад некалькіх гадзін да 26 дзён (у сярэднім 7-14 дзён). Пачынаецца, як правіла, востра, з ліхарадкі, галаўнога болю ў лобнай частцы, агульнага недамагання, магчымы таксама лёгкія болі ў мышцах шыі, рук і ног, ваніты, чырванее твар, тэмпература ў першыя 3-5 дзён павышаецца да 38 градусаў. У гэты перыяд многія пацярпелыя, не заўважыўшы ўкусу кляшча, не звяртаюцца за медыцынскай дапамогай ці займаюцца самалячэннем, вырашыўшы, што гэта звычайная прастуда. Аднак, праз 8-9 дзён пасля некаторага паляпшэння агульнага стану зноў пачынаецца галаўны боль, значна мацней, чым першапачаткова, баляць мышцы спіны і шыі, з’яўляецца святлабоязь, тэмпература цела павышаецца да 39-40 градусаў.
Лайм-барэліёз – вострае бактэрыяльнае захворванне, якое пераходзіць у хранічнае. Скрыты перыяд хваробы доўжыцца ад 2 да 30 дзён, іншы раз і да 6 месяцаў. Захворванне мае востры пачатак і аналагічнае грыпу цячэнне з ліхарадкай, галаўным болем, болем у мышцах і суставах. У часткі захварэўшых бываюць ваніты, сухі кашаль, насмарк, пяршэнне ў горле. На месцы прысмоктвання кляшча праз 1-2 тыдні (ці праз месяц) з’яўляецца чырвоная пляма са светлай сярэдзінай, якая павялічваецца, потым такія ж кольцы распаўсюджваюцца на іншыя месцы цела. Пляма моцна свярбіць, пячэ і баліць. Калі не лячыць, то хвароба набудзе хранічнае цячэнне, а на позніх стадыях развіваюцца цяжкія паражэнні органаў і сістэм: артрыты, стойкія змяненні скуры, паражэнне нервовай сістэмы. Усё гэта можа прывесці да працяглай непрацаздольнасці, у цяжкіх выпадках нават да інваліднасці.
Заражэнне вышэйназванымі інфекцыямі адбываецца не толькі непасрэдна праз укус кляшча ў лесе ці парку, а таксама калі вы прынеслі кляшчоў дамоў разам з кветкамі, травой, на адзенні ці з хатнімі жывёламі – кляшчы могуць даволі проста перапаўзці на чалавека і прысмактацца. Заразіцца клешчавым энцэфалітам можна таксама тады, калі вірус трапляе на слізістыя часткі рота, вачэй, носа праз забруджаныя рукі пасля раздушвання кляшча, а таксама пры ўжыванні сырога казінага малака.
Каб абараніць сябе ад укусу кляшча, кожны павінен захоўваць пэўныя меры перасцярогі і прафілактыкі. Калі збіраецеся ў лес, на сенакос, на дачу, адзенне і абутак павінны максімальна абараняць цела ад кляшчоў. Шчыльна зашпіліце каўнер, манжэты сцягніце рызінкай, кашулю запраўце ў штаны, штаны – у шкарпэткі і гумавыя боты. Праз кожныя 2 гадзіны правярайце сябе і тых, хто побач з вамі. Для адпалохвання кляшчоў выкарыстоўвайце спецыяльныя сродкі – рэпеленты, якія можна купіць у аптэках ці магазінах. Гаспадарам, якія трымаюць коз, не пажадана пасвіць іх у лясной зоне, малако неабходна ўжываць толькі кіпячонае.
Калі ўсё ж клешч прысмактаўся да чалавека, трэба зрабіць наступныя маніпуляцыі. Каб насякомае адчапіць, скуру вакол яго неабходна змазаць моцным растворам кухоннай солі, затым з дапамогай баваўнянай ніткі, завязаўшы вузел на кляшчы як мага бліжэй да хабатка, расхістанымі рухамі налева-направа ці паварочваючы супраць стрэлкі гадзінніка, выцягнуць яго са скуры. Знятых кляшчоў нельга душыць рукамі, лепш за ўсё – спаліць. Месца ўкусу неабходна апрацаваць ёдам ці любым спіртавым растворам і вельмі добра вымыць пасля такой працэдуры рукі. Знятага кляшча можна даставіць для даследавання ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. І абавязкова звярніцеся за медыцынскай дапамогай да ўрача, які прызначыць пры неабходнасці прафілактычнае лячэнне.
Прытрымліваючыся нескладаных правіл, можна надзейна абараніць сябе ад нападу крывасмокаў і такім чынам пазбегнуць хвароб, пераносчыкамі якіх яны з’яўляюцца.
Як сведчыць аналіз папярэдніх гадоў, максімальная колькасць зваротаў людзей па прычыне ўкусаў кляшчоў чакаецца ў чэрвені-жніўні, у ягадна-грыбны сезон, калі людзі масава пачнуць наведваць лясы.
Валянціна БАЦКАЛЕВІЧ, памочнік-урача эпідэміёлага райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *