А «Вастраўчане» ўсё жартуюць

Да гэтага адказнага выхаду на раённую культурную сцэну асобныя выканаўцы і мастацкія калектывы Ляхавіччыны рыхтуюцца на працягу года: падбіраюць рэпертуар і касцюмы, рэпеціруюць, адшліфоўваюць майстэрства. Сёлета на занальны агляд у ГДК сабраліся лепшыя з лепшых.
Даўно знайшлі сваю слухацкую аўдыторыю ўдзельнікі народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”. І на гэты раз іх праграма не пакінула нікога абыякавымі. Напэўна, і сёлета калектыў паспяхова выступіць на ХІІІ рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці “Не старэюць душой ветэраны”.
Прафесіяналізм, адметная манера выканання, багаты рэпертуар спрыяюць усё большай папулярнасці інструментальнага ансамбля “Дыксіленд” настаўнікаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Ансамбль з поспехам выступае на многіх сцэнічных пляцоўках, зараз рыхтуецца да конкурсу эстрадна-джазавай музыкі “Пружанскі блюз” у межах абласнога фестывалю сучаснага мастацтва “Эстрадны МІХ”.
Як заўсёды, шмат прэтэндэнтаў на выхад у абласны тур свята “Рытмы маладосці”. Захапляльным стала выступленне харэаграфічнага калектыву дзіцячай школы мастацтваў. Прыемным сюрпрызам для гледачоў і журы была пантаміма дуэта з ГДК у намінацыі “Арыгінальны жанр. Непадобны на іншыя сцэнічны нумар бітбоксера Сяргея Стрыхара з Задворскага СДК.
Адзін з заключных акордаў агляду – праграма прэтэндэнтаў на ўдзел у свяце народнага гумару “Спораўскія жарты” клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК і тэатральнага калектыву “Вастраўчане” Востраўскага СДК. Гледачы атрымалі задавальненне ад сцэнак з вясковага жыцця, песень і гумарэсак. “Вечарніца”, акрамя таго, выдатна адпрацавала канцэрт на пацвярджэнне звання “народны”. А вакальнаму ансамблю “Берагіня” Дараўскага СДК журы парэкамендавала паспрабаваць атрымаць гэта ганаровае званне.
Юрый ГРЫНЬ,
дырэктар РМЦ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *