Якасць на экспарт. Прадукцыю ТАА “Трансэлектракамплект” закупляюць расійскія спажыўцы

Больш як дзве трэці – 70 працэнтаў – прадукцыі ТАА “Трансэлектракамплект” знаходзіць свайго спажыўца за межамі Беларусі. Галоўны экспарцёр – Расія, асноўная кампанія-партнёр – Санкт-Пецярбургская “Нява-Транс”. Як расказаў вядучы эканаміст прадпрыемства Юрый Палуянчык, штогод у паўночную сталіцу краіны-суседкі пастаўляюцца камплектуючыя, неабходныя для выпуску прыкладна 100 тысяч кабельных электрамантажных тэрмаўсаджваемых муфтаў рознага сячэння. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Хаця, як адзначае дырэктар прадпрыемства Генадзій Сакуць, канкурыраваць становіцца ўсё складаней, нягледзячы на высокую якасць вырабаў, стрыманасць у вызначэнні цаны на іх. Каб утрымацца на замежным рынку, у тым ліку і расійскім, прадпрыемства знаходзіць новых спажыўцоў, праводзіць узважаную маркетынгавую палітыку.

Каб выгадна рэалізаваць выпушчаную прадукцыю, яна павінна быць не проста якаснай, але і канкурэнтаздольнай. Асартыментны пералік яе ў «Трансэлектракамплекце» – больш за сотню найменняў. Пачынаючы з 2009 года на прадпрыемстве дзейнічае сістэма менеджменту якасці, што працуе не толькі на імідж, але і з’яўляецца сур’ёзным маркетынгавым інструментам, што забяспечвае перавагу перад канкурэнтамі, якія не маюць адпаведнага сертыфіката.

Дарэчы, заснавальнік і дырэктар “Трансэлектракамплекта” Генадзій Сакуць пасля заканчэння ВНУ па спецыяльнасці інжынер-энергетык у вайсковай часці ў Ленінградзе будаваў і электрыфікаваў ваенныя аб’екты, нават адзначыўся на касмадромах “Байканур” і “Плясецк”, спецаб’ектах Ленінграда, Урала, Архангельска.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *