Пасяўныя замалёўкі з Русінавіч

Генадзій Граблюк рыхтуе поле пад кукурузу.

Аж да самага лесу зааранае поле – роўна, без агрэхаў, прыгожа. Гэта калі глядзець з боку Мыслабажы, а злева – маладая рунь радуе вока: дружна ўзяліся азіміна і шматгадовыя травы. Яшчэ адно поле было ў рабоце: 9 гноераскідвальнікаў “бегалі” ўздоўж і ўпоперак, 2 пагрузчыкі ледзь паспявалі іх загружаць. Згодна тэхналогіі, магутны “ДжонДзір” з шыроказахопнымі плугамі тут жа заворвае глебу. Адзін дзень – і поле гатова: тут будзе пасеяна кукуруза. Дарэчы, сёлета пад гэту сельгаскультуру, якая заўсёды ў СВК “Ляхавіцкі” расце на славу, запланавана заняць 180 гектараў на зерне і яшчэ столькі ж на зялёную масу і сілас.
Намеснік старшыні СВК “Ляхавіцкі” Іван Вітко перакананы, што сяўба ў спрыяльны час і з захаваннем агратэхнічных тэрмінаў вельмі важная для атрымання высокіх ураджаяў. Да таго ж, гаспадарка мае якаснае насенне. Высяваць яго будзе Генадзій Граблюк, які, закончыўшы ворыва, шыроказахопны плуг зменіць на сеялку.
– Спрактыкаваная работа механізатара таксама на карысць добрага ўраджаю, – працягвае Іван Вітко. – Таму адказную работу давяраем самым вопытным, надзейным. Напрыклад, ужо каторы год запар ячмень сее Леанід Пішч.
80-гектарнае поле за Русінавічамі таксама апрацавана з захаваннем усіх правілаў культуры земляробства, унесена ў дастатку арганічных і мінеральных удабрэнняў. Цяпер усё залежыць ад работы механізатара. Леанід Пішч трымае пад кантролем глыбіню задзелкі зярнят, шчыльнасць пасеваў. На абочыне напагатове стаіць грузавік, прыстасаваны для падвозкі і загрузкі хімічна апрацаванага насення. Вадзіцель Андрэй Жэрка запэўніў, што захаваны ўсе правілы перасцярогі ў рабоце з такім матэрыялам.
Сёлета ў СВК “Ляхавіцкі” яравыя культуры зоймуць 1,5 тысячы гектараў (збожжавыя і зернебабовыя – 690 гектараў), бульба – 140 гектараў. Крыху не пашанцавала з азімым рапсам: усе 95 гектараў давядзецца перасяваць, плюс яшчэ 80 – запланаваных.
Як заўсёды, у “Ляхавіцкім” клапоцяцца пра сенажаці і пашу. У гэты ж дзень механізатар Сяргей Асланян праводзіў перазалужэнне траў на 120 гектарах – гэта толькі пачатак.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На перазалужэнні траў працуе Сяргей Асланян.

”Перакус” – і зноў за работу: механізатар Леанід Пішч і вадзіцель Андрэй Жэрка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *