Маленькія і вельмі небяспечныя

Зіма была цёплай, таму ўтварыліся спрыяльныя ўмовы для выжывання кляшчоў. У Ляхавіцкім раёне першыя ўкусы імі людзей зарэгістраваны ў пачатку красавіка.

Небяспека крывасмокаў у тым, што яны могуць стаць прычынай клешчавых інфекцый. Больш як 70 працэнтаў даследаваных у раёне кляшчоў летась з’яўляліся носьбітамі Лайм-барэліёзу (лясныя масівы паміж вёскамі Альхоўцы і Задвор’е, ля вёскі Набярэжная і інш).

Іксодавы клешч можа быць пераносчыкам 9 узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў. Кожны год рэгіструюцца два – клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз.  Вірусным клешчавым энцэфалітам у вобласці захварэлі 22 чалавекі, Лайм-барэліёзам у мінулым годзе заразіліся 148 чалавек. У нашым раёне зарэгістравана 5 выпадкаў Лайм-барэліёзу.

Летась за дапамогай з выпадку прысмоктвання кляшчоў у медустановы Брэстчыны звярнуліся 4263 чалавекі, у раёне ад кляшчоў пацярпелі   88 чалавек.

Дарэчы, тэрыторыя знаходжання іксодавых кляшчоў пашыраецца. Значная колькасць выпадкаў укусаў адзначаецца не толькі ў лясах і парках, але і на дачных участках, у сельскіх населеных пунктах і на тэрыторыях новабудоўляў, гэта значыць там, дзе несвоечасова праводзяцца неабходныя работы па добраўпарадкаванні і пакосе травы, што прыводзіць да павелічэння колькасці іксодавых кляшчоў. Нярэдка такія выпадкі рэгіструюцца ў гарадах.

Калі кляшчы трапляюць на адкрытыя ўчасткі цела чалавека (кісці або перадплеччы рук, ногі), яны рэдка прысмоктваюцца на бачных месцах, часцей запаўзаюць пад адзенне і прысмоктваюцца пад ім. Але не адразу, таму можна выявіць «агрэсара» да таго, як ён пачне сваю небяспечную справу.

Пасля наведвання лесу здыміце адзенне, перагледзьце складкі і швы, таму што ў іх час-та хаваюцца кляшчы, якія не паспелі пры-смактацца. Не заўсёды ўдаецца пазбавіцца ад іх, стрэсваючы адзенне. Добра аглядаць трэба і прадметы, якія выносяцца з лесу, а таксама жывёл.

Каб максімальна засцерагчыся ад кляшчоў, прымяняйце спецыяльны хімічны сродак для апрацоўкі адзення – адпуджвальныя спрэі (рэпелентныя) і тыя, што знішчаюць шкодніка (акарыцыдныя).

Вялікае значэнне для прафілактыкі заражэння мае правільнае выдаленне кляшча. Лепш скарыстацца бяспечнымі спосабамі: з дапамогай пінцэта кляшча асцярожна выцягваюць за брушка, злёгку разгойдваючы; з дапамогай пятлі з ніткі, накінутай на цельца кляшча як мага бліжэй да хабатка, выкручваюць яго па руху гадзіннікавай стрэлкі. Месца ўкусу пасля выдалення кляшча апрацуйце трохпрацэнтным растворам перакісу вадароду, ёдам або любым спіртавым растворам.

Калі ўсё ж клешч пакусаў, хутчэй звярніцеся да ўрача, які і назначыць прафілактычнае лячэнне. Самога кляшча можна даставіць у Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: г. Баранавічы, вул. 50 гадоў ВЛКСМ, д. 9, дзе і вызначаць, наколькі ён небяспечны для здароўя.  Ляхавіцкі райЦГіЭ прапануе жыхарам раёна на платнай аснове правядзенне апрацоўкі тэрыторый прыватных домаўладанняў, дачных участкаў, аграсядзіб

супраць кляшчоў.

Ларыса КЕНДЫШ,

памочнік урача-эпідэміёлага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *