Зона адказнасці кожнага. Пра тое, што адбываецца на кавід-прасторы ў Ляхавіцкім раёне, расказваюць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна і загадчык інфекцыйнага аддзялення ЦРБ

Грамадства падзялілася на два лагеры: адны выступаюць за масачны рэжым, іншыя ім грэбуюць. Многія з нецярпеннем чакалі, калі вучоныя прыдумаюць вакцыну супраць каранавіруса і, як толькі з’явіўся такі  контраргумент супраць небяспечнай інфекцыі, паспяшаліся за прышчэпкай. Разам з тым, і сёння, калі даказана, што вакцынацыя – адзіны спосаб калі не захварэць, то перанесці хваробу лёгка і, галоўнае, застацца жывым, нямала так званых антыпрышчэпачнікаў, якія супраць вакцыны.
Чацвёртая каранавірусная хваля ўнесла карэктывы ў правядзенне супрацьэпідэмічных мер, ход вакцынацыі, схему лячэння. Пра тое, што адбываецца на кавід-прасторы ў нашым раёне, расказваюць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій ЦІХАНАЎ і загадчык інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Арцём КАБУШКА.

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Сітуацыя з каранавірусам знаходзіцца на пастаянным кантролі. Прафілактыка COVID-19 павінна стаць зонай адказнасці кожнага. Наконт масак. Маё меркаванне адназначнае: як урач рэкамендую насіць маскі ў закрытых памяшканнях, дзе нямала людзей. Даследаванні сведчаць: медыцынская маска эфектыўна ў 95 працэнтах выпадкаў. Гэты сродак індывідуальнай абароны ад інфекцыі патрэбны і тым, хто мае праяўленні вострых рэспіраторных інфекцый, і тым, хто можа ад іх заразіцца. Многія пераносяць каранавірус бессімптомна, таму сцвярджаць, што яны на даны момант не хварэюць, нельга. Нельга забывацца пра абавязковае сацыяльнае дыстанцыраванне, выкананне ўсіх супрацьэпідэмічных мер. Часцей праветрывайце памяшканне і больш бывайце на свежым паветры.
Апошнім часам землякі сталі больш актыўна вакцынавацца, пачалі прышчапляцца і цяжарныя жанчыны. Важна, што расце свядомасць грама-дзян, якія разумеюць, што, прышчапіўшыся, яны не толькі клапоцяцца пра сваё здароўе, але і пра здароўе родных, блізкіх, калег – фарміруюць калектыўны імунітэт. Нямала спрэчак было наконт таго, прышчапляцца ці не людзям з хранічнымі хваробамі. Практыка пацвярджае: наяўнасць хранічных хвароб з’яўляецца паказаннем для вакцынацыі, бо ў такіх людзей даволі высокая рызыка, што хвароба будзе працякаць цяжэй.

Арцём КАБУШКА:
– Усё часцей ад пацыентаў, што знаходзяцца на лячэнні ў аддзяленні, даводзіцца чуць фразу «чаму я не вакцынаваўся раней». Так гавораць асабліва тыя, хто цяжка хварэе. І яшчэ адно меркаванне, якое таксама рэгулярна стала  сустракацца: паглядзеў, як хварэюць іншыя, не хачу так пакутаваць, лепш вакцынуюся. Некаторыя перакананы: мяне гэта інфекцыя не датычыцца, ці я ўжо перахварэў. Апошнім часам усё часцей рэгіструюцца выпадкі, калі каранавірусам людзі хварэюць другі раз. Так што не варта спадзявацца на тое, што сустрэча з COVID-19 будзе аднаразовай і непрыкметнай.
У стацыянарах і тым больш на кіслароднай  падтрымцы знаходзяцца пацыенты, якія пагрэбавалі прышчэпкамі.
Дэльта-штаму характэрна большая заразнасць, вірус хутчэй пераходзіць ад аднаго чалавека да другога. Раней для таго, каб падхапіць каранавірус, неабходна было знаходзіцца побач з інфіцыраваным ад 30 мінут, цяпер хопіць да  15 мінут, каб вірус трапіў у арганізм. Яшчэ адна адметнасць «дэльты» – часцей хварэюць маладыя людзі і нават дзеці.
Я прыхільнік вакцынацыі, сам даўно прышчапіўся ад каранавіруснай інфекцыі і заклікаю зрабіць гэта ўсіх, хто яшчэ не паспеў вакцынавацца.
Запісала Галіна КАНЬКО.