Грамадскасць у падмогу

На мінулым тыдні дэпутаты раённага Савета дэпутатаў 26 склікання сабраліся на чарговую сесію. Адкрыў пасяджэнне старшыня райсавета Яўгеній Юрлевіч.

Аб ходзе выканання на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” дакладваў першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі. Як адзначыў дакладчык, аддзелам унутраных спраў райвыканкама праводзіцца ў рамках кампетэнцыі комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на папярэджванне правапарушэнняў, у тым ліку ў супрацоўніцтве з іншымі службамі раёна. З пачатку года ў адрас кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна ад-дзелам унутраных спраў накіравана 65 прадстаўленняў аб ухіленні прычын і ўмоў, што так ці інакш садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў і злачынстваў. Як было адзначана, наладжаны ўзаемакантакт РАУС і СМІ, у тым ліку інфармаванне грамадзян аб спосабах і сродках самаабароны ад злачынных і іншых замахаў. Створаны і дзейнічаюць добраахвотныя народныя дружыны – як у горадзе, так і на тэрыторыі сельсаветаў. Аднак, на прапанову старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука падняць руку тым, хто бачыў у Ляхавічах дружыннікаў з павязкаю, “не прагаласаваў” ніхто з прысутных у зале. Вердыкт старшыні райвыканкама: ДНД – фармальнасць. Дарэчы, прыкладна такое ж меркаванне мае на гэты конт і пракурор раёна Аляксандр Ярашэвіч.  Акрамя таго, у працяг абмеркавання даклада Аляксандр Ярашэвіч адзначыў, што не ўсе жыхары раёна, схільныя да парушэння закона, пастаўлены ў РАУС на прафілактычны ўлік. А што тычыцца работы створаных пры сельвыканкамах пунктаў аховы грамадскага правапарадку, то, па словах пракурора, толькі два з іх падчас наведвання ўдалося застаць незачыненымі. Па ацэнцы, нягледзячы на апошнюю тэндэнцыю невялікага змяншэння колькасці правапарушэнняў, у плане іх прафілактыкі сітуацыя у раёне складваецца не лепшым чынам.

Дэпутат райсавета Дзіна Дуброўка лічыць, сярод іншага, што ў плане прафілактыкі правапарушэнняў больш увагі неабходна надаваць рабоце грамадскіх  пунктаў аховы правапарадку, іх саветаў.

Аб раўнадушшы гаварыла дэпутат Ванда Прусевіч, якая ўзгадала яшчэ ў гэтай сувязі існаваўшыя некалі так званыя саветы садзейнічання сям’і і школе. Дастаткова эфектыўныя некалі, цяпер яны забыты, аднак, на думку дэпутата, ёсць сэнс узнавіць гэты вопыт.

Былы ўчастковы інспектар РАУС, а зараз старшыня Начаўскага сельскага Савета Вячаслаў Новік хацеў бы, каб участковы інспектар міліцыі больш часу праводзіў на сваім участку. Тэма не новая,    і гучала яна падчас сесіі не аднойчы і ў розных варыянтах.

Па другім пытанні сесіі – аб рабоце мясцовых органаў улады па сацыяльнай абароне малазабяспечаных сем’яў, інвалідаў, пажылых людзей і мерах па яе ўдасканаленні – справаздачу трымаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Юруць. Як правіла, згаданая работа носіць мэтавы характар і  індывідуальны падыход. Распрацаваны і выконваецца шэраг дзяржаўных і рэгіянальных праграм, скіраваных на сацыяльную абарону розных катэгорый насельніцтва. Для больш поўнага комплекснага і аператыўнага задавальнення попыту ўсіх, хто мае патрэбу ў сацыяльных паслугах, у раёне функцыянуе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У мінулым годзе, напрыклад, у цэнтр за рознага віду дапамогай звярнулася 8739 чалавек. На надомным абслугоўванні знаходзіцца 608 грамадзян пажылога ўзросту, інвалідаў. У цэнтры, апроч іншага, працуе пункт пракату сродкаў рэабілітацыі. Са снежня 2010 года функцыянуе ад-      дзяленне дзённага знаходжання інвалі-даў.

Адно з пытанняў, што выносілася на разгляд сесіі, гучала так: “Аб назве вуліц у горадзе Ляхавічы”. Квартал індывідуальнай жылой забудовы “Патапавіцкі”, што павінен будзе з’явіцца ў райцэнтры, запраектаваны на 8 вуліц і 1 завулак. Апошні, згодна з рашэннем дэпутатаў, будзе насіць імя Янкі Чабора. Вуліцы, адпаведна, будуць названы імёнамі Клімука П. І., Вайцешыка А. М., Цупрыка А. А., атрымаюць назвы Вішнёвая, Бярозавая, Ра-бінавая, Васільковая,  Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Сесія таксама прыняла рашэнні аб перадачы пад ахову месцаў на тэрыторыі раёна, дзе расце баранец звычайны і гняздуецца вяртлявая чаротаўка. І расліна, і птушка ўключаны ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь, што прадугледжвае адпаведныя да іх адносіны, належны клопат. Да 1 кастрычніка, згодна рашэння раённага Савета дэпутатаў, месцы з “чырвана-кніжнікамі” павінны быць пэўным чынам абазначаны і ўзяты пад ахову. У выпадку парушэння ўстаноўленага рэжыму аховы, вінаватых чакае адказнасць.

Вадасховішча “Мінічы” здавалася ў арэнду ўжо неаднойчы. Ніякіх асаблівых дывідэндаў (у плане экалогіі, напрыклад, або з пункту гледжання бюджэтных паступленняў) гэта не прынесла. Пытанне перадачы вадасховішча чарговаму арандатару ў асобе аднаго з таварыства з дадатковай адказнасцю першачаргова значылася ў парадку дня сесіі. Аднак, было знята з разгляду адразу на яе пачатку. Прычына – ніякіх дакументаў з нагоды сваіх арэндных планаў ТДА не прадставіла.

Раённы Савет дэпутаў зацвердзіў асобныя праграмы і інструкцыі, дапоўніў, унёс змяненні або адмяніў шэраг сваіх папярэдніх рашэнняў і некаторае іншае.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *