Тайну раскрыюць пошукавікі

Маўклівымі нязменнымі вартавымі, сімваламі бясстрашнасці, болю і жалю ўсталі на беларускай зямлі помнікі, абеліскі, мемарыяльныя комплексы героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Кожнае ўлічанае пахаванне ў нашай краіне мае свой пашпарт. Але, на жаль, ёсць яшчэ і няўлічаныя  – і воінаў, і ахвяр вайны. Таму сёлета, як і ў мінулыя гады, на ляхавіцкай зямлі будзе працаваць 52-гі асобны пошукавы спецыялізаваны батальён, якому ў гэтым годзе споўнілася 15 гадоў. За час свайго існавання падраздзяленне, якое да нядаўняга часу не мела аналагаў у свеце, правяло ўнікальную і значную работу. З 1995 па 2010 год былі абазначаны межы пахаванняў 312668 загінуўшых, эксгуміравана 36311 астанкаў, устаноўлена 1884 прозвішчаў па выніках палявых работ і 56500 — у выніку архіўных даследаванняў (гэта і даныя з ваенкаматаў, і звесткі ад грамадзян, якія ўстанавілі лёс сваіх загінуўшых на вайне продкаў). За ўвесь перыяд пошукавікамі адпрацавана 1912 аб’ектаў, знойдзена і знішчана 3696 выбухованебяспечных рэчаў, знойдзена 277 медальёнаў, 39 узнагарод.

52-гі асобны пошукавы спецыялізаваны батальён не пакідае без увагі і воін-скія пахаванні замежных ваеннаслужачых. Такія аб’екты ёсць і ў нас у раёне, і на іх таксама будуць весціся работы. Таму да ўсіх, хто валодае інфармацыяй пра  пахаванні Першай сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай, на якіх няма памятных знакаў, – просьба звяртацца ў райваенкамат.

Сёлета ўпершыню на Ляхавіччыне разам з нашымі ваеннымі будуць весці пошукавыя работы і 10 рабят пошукавага атрада “Уралец” з паўночнаўральскага горада Азерск. Гэты  атрад уваходзіць у рэгіянальнае аддзяленне ўсерасійскай арганізацыі ветэранаў “Баявое брацтва”. Ён працаваў у  Чалябінскай, Наўгародскай абласцях, пад Санкт-Пецярбургам, ва Украіне. І вось ужо шосты год “Уралец” вядзе раскопкі разам з байцамі  52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна ў Беларусі. Якія тайны раскрые ляхавіцкая зямля пошукавікам – пакажа час. Пошукавыя работы пачнуцца  6 ліпеня ў вёсцы Вадзяціна.

Таццяна ДАРАШЭНКА,
галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным
забеспячэнні райваенкамата

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *