Малітоўна пакланіцца

Па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта са старажытнага Мурама на беларускую зямлю прыбываюць мошчы вялікіх цудатворцаў святых Пятра і Фяўроніі. Урачыстая сустрэча мошчаў святых угоднікаў адбудзецца ў чацвер, 7 ліпеня, у 13.00 у мінскім  мікрараёне Лошыца ля паклоннага крыжа праваслаўнага храма Богаяўлення ў раёне перасячэння вуліцы Ігуменскі тракт і завулка Чыжэўскіх. Малітоўна пакланіцца святым мошчам можна будзе на тым жа месцы кругласутачна з 7 па 10 ліпеня (у апошні дзень да 20.00). Тут таксама можна набыць духоўную літаратуру, дыскі і сувенірную прадукцыю.

Мошчы святых Пятра і Фяўроніі знаходзяцца ў праваслаўным жаночым манастыры ў горадзе Мураме, куды штогод прыязджае мноства паломнікаў з усяго свету. Царкоўная памяць святых мужа і жонкі-цудатворцаў святкуецца 8 ліпеня.

Для ўсяго хрысціянскага свету святыя князь Пётр і княгіня Фяўронія Мурамскія ўяўляюць сабой узор шлюбнай вернасці, адданасці і любві, якія яны захавалі на працягу ўсяго свайго жыцця, адольваючы нялёгкія выпрабаванні.

Малітвамі святых цудатворцаў Пятра і Фяўроніі Гасподзь дапамагае ўсім, хто з верай звяртаецца да іх за дапамогай. Вядома мноства выпадкаў, калі іх малітвамі адзінокія знайшлі сваю другую палавіну, бяздзетныя атрымалі доўгачаканае дзіця, а ў сем’і, дзе існавала бязладдзе і незадавальненне, вярталіся мір і любоў, паспяхова вырашаліся цяжкія абставіны. Многія пары ля святых мошчаў прымалі рашэнне павянчацца. Вядома мноства выпадкаў, калі пасля малітоўнага звароту да святых Пятра і Фяўроніі Мурамскіх Гасподзь вылечваў людзей ад цяжкіх  хваробаў.

Пачынаючы з 2 жніўня 2011 года, кожны аўторак, у 19.00, у храме Богаяўлення ў мікрараёне Лошыца будуць праходзіць малебны святым Пятру і Фяўроніі Мурамскім, дзе будуць узносіцца прашэнні да Госпада аб стварэнні сям’і, аб дараванні дзіцяці, аб чыстым і гарачым  каханні і дабрабыце ў сям’і. Часовае размяшчэнне храма:  вул. Чыжэўскіх, 4.

Настаяцель прыхода храма Богаяўлення айцец Уладзімір Герасіменка спадзяецца, што інфармацыя зацікавіць вернікаў і духоўную падтрымку атрымае вялікая колькасць людзей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *