Узрост спорту не перашкода

Мінула 75 гадоў з таго 22 чэрвеня, што распачало адлік жорсткіх выпрабаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Але і сёння, асабліва ў гэты дзень, прыгадваюцца расказы дзядоў-прадзедаў, паходы ў музеі ці школьныя ўрокі гісторыі. А нехта дастане сямейны альбом, франтавыя ўзнагароды, пажоўклы ад часу трохкутнік… Самотныя ўспаміны, цяжкія. Але яны патрэбны, каб усе наступныя пакаленні бераглі мірнае неба над галавой.
Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і прысвяціў сваё мерапрыемства раённы савет ветэранаў, які з нядаўняга часу ўзначальвае Мікалай Юруць. У Ляхавічы з’ехаліся прадстаўнікі сямі пярвічных ветэранскіх арганізацый, усклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам-вызваліцелям, што на плошчы Перамогі, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.
А потым ветэраны сталі ўдзельнікамі першай раённай спартакіяды, мэта якой – арганізаваць актыўны адпачынак пажылых людзей, прыцягнуць іх да масавых фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў, прапагандаваць здаровы лад жыцця. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні спартакіяды прынялі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, іх падтрымалі члены прэзідыумаў раённага савета ветэранаў і раённага аб’яднання прафсаюзаў, арганізацыйнай структуры ДТСААФ.
Старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць задаваў тон у спаборніцтвах. Хтосьці імкнуўся перамагчы ў шашках-шахматах, хтосьці хацеў паказаць майстар-клас у дартсе, як мага далей кінуць цяжкі набіўны мяч, гулялі ў настольны тэніс, трапна стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі. Асаблівыя надзеі на перамогу балельшчыкі ўскладалі на шахматыстаў з пярвічнай арганізацыі ветэранаў фізкультуры, спорту і турызму раёна, якую ўзначальвае Станіслаў Жагунь. У гэтай камандзе іграе вядомы ў раёне шахматыст Іван Купрык. Паспяховыя шахматна-шашачныя туры правялі Аляксандра Матчэня, Ірына Гатоўчыц і Ганна Фармага, за тэнісным сталом паказвалі ўзоры гульні Ганна Крук, Вольга Краўчанка, Анатолій Тураў, Юрый Кіслы, Уладзімір Дыдышка. Трапна стралялі Уладзімір Гурскі, які прадстаўляў каманду ветэранаў камунгаса, вядомы ветэран фізкультуры і спорту, Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Андрэй Куркач. Ад мужчын не адставалі і жанчыны, якія былі трапнымі ў дартсе, перамагалі ў шахматных і шашачных турнірах, кідалі трохкілаграмовы набіўны мячык…
Прэміі ад раённага савета ветэранаў і прызы ад раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымалі прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, абласной бальніцы “Крывошын”, раёна электрасетак, жылкамунгаса, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аграрнага каледжа, ветэранаў фізкультуры, спорту і турызму – усяго 30 спартсменаў-аматараў. А наогул перамогу святкавалі сяброўства, добры настрой ад прыемных сустрэч і шчырае жаданне прадоўжыць пачатую традыцыю.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *