Устаноўка на сардэчнасць. Сёння ў Ляхавіцкім раёне працуюць 77 сацыяльных работнікаў, на іх абслугоўванні 569 нашых землякоў

Марыйка ці Іосіфаўна – так пяшчотна і  па-свойску называюць сацыяльнага работніка Марыю Шульц падапечныя, з якімі ў яе склаліся цёплыя і блізкія адносіны. У сацыяльнага работніка клопатаў шмат. Камусьці трэба прыбраць у доме, прыгатаваць ежу, памыць рэчы, заплаціць камунальныя, а некага трэба “палячыць” словам, абмеркаваць жыццё-быццё.  Марыя Іосіфаўна з  тых людзей, якія, бы  сонейка, імкнуцца ўсіх абагрэць сваёй увагай, не шкадуючы, аддаюць сілы іншым.  Добразычлівая, надзвычай адказная і вельмі энергічная,  яна  да кожнага знаходзіць той масток, які дапамагае ўстанавіць паразуменне і давер. І людзі цягнуцца да яе, прыкіпаюць душой і сэрцам.

У тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыя Іосіфаўна прыйшла працаваць  13 гадоў назад, калі  жыццёвыя абставіны прымусілі змяніць родную  Цыгань на Гарадзішча. Працавітыя Шульцы  прыжыліся і на новым месцы. Тут выраслі дзеці, тут абзавяліся сябрамі-знаёмымі.  Не прывыклі  сядзець склаўшы рукі, трымаюць гаспадарку, завіхаюцца ў агародзе. Сям’я і дамашнія клопаты – крыніца натхнення Марыі Іосіфаўны. Статус жонкі, маці  і бабулі не толькі надае сілу і прыносіць радасць, але і  не дае засумаваць: да прыезду ўнукаў, сваякоў трэба  вырасціць-назапасіць садавіны-агародніны, свайго  дамашняга.  Каб было зроблена з любоўю, смачна і карысна.

Працоўны дзень сацыяльнага работніка пачынаецца ў восем  гадзін раніцы і доўжыцца далёка за восем  вечара.

– У нашай справе важна быць шчырымі,чулымі  і ўсёразумеючымі.  Тады і  прафесійныя абавязкі не ў цяжар, – заўважае Марыя Шульц.

11 сваіх падапечных з  Мазурак, Гарадзішча і Ганчароў  аб’язджае  на веласіпедзе, накручвае кіламетр за кіламетрам.  Але не пачуеш ад яе  і слова  пра тое, што стамілася, надакучыла ці цяжка. Да ўсіх у час прыедзе, патэлефануе, пацікавіцца здароўем, нават у выхадныя дні. А бывае, што не абыходзіцца і без дапамогі мужа,  дачкі  і зяця, асабліва зімой ці перад святамі. Нават з самай раніцы можа схапіцца і імчаць да людзей, што сталі сваімі, калі ім  патрэбна дапамога. Родныя ўсяляк падтрымліваюць і разумеюць: па-іншаму яна проста не можа. Аматарка паходу ў лес назбірае ягад і абавязкова пачастуе сваіх бабуль і дзядуль, не можа без іх і ў час водпуску. А як жа, з  некаторымі падапечнымі разам не менш за  10 гадоў! Вучыцца ў іх жыццёвай  мудрасці.

Шчодрая і шчырая, у той жа час вельмі сціплая і спагадлівая, яна  з удзячнасцю ўзгадвае прозвішчы  спецыялістаў ТЦСАН і калег,  якія напачатку яе  прафесійнай дзейнасці падтрымлівалі, падказвалі, не давалі разгубіцца. Сярод іх Таісія Макарэвіч, Алена Іваноўская, Алена Плескацэвіч. Іх урокі сталі кіраўніцтвам да дзеяння.

За прафесіяналізм, добрасумленныя адносіны да справы партрэт  Марыі  Шульц  сёлета на Галерэі славы раёна.

З устаноўкай на сардэчнасць сёння ў  раёне працуюць 77 сацыяльных работнікаў, на іх абслугоўванні  569 нашых землякоў. Дапамога ім патрэбна па розных прычынах: хтосьці застаўся наогул адзін, у кагосьці родныя жывуць далёка і не маюць магчымасці бываць часта, здараецца і так, што з чужымі людзьмі пажылыя хутчэй знаходзяць агульную мову, чым са сваякамі. Што ні лёс – то асобная гісторыя.

Дзяржава не пакідае састарэлых сам-насам з уласнымі праблемамі, для іх прадугледжаны розныя магчымасці дапамогі і падтрымкі. Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН  Таісія Макарэвіч расказвае, што  тры пажылыя  чалавекі ў нашым раёне жывуць у прыёмных  сем’ях (роднымі для іх сталі зусім чужыя людзі). З нядаўняга часу прапануецца такая форма клопату як гасцявая і патранатная сям’я. У першую землякоў шаноўнага ўзросту запрашаюць на святы, выхадныя, дапамагаюць вырашыць тыя ці іншыя гаспадарчыя пытанні. У другую  час ад часу наведваюцца валанцёры. Для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў расчыніў дзверы Ганчароўскі дом сумеснага пражывання.

Надомнае абслугоўванне для  ветэранаў  Вялікай Айчыннай вайны і сем’яў загінуўшых, а таксама тых, хто мае статус былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, бясплатнае, для іншых абыходзіцца ў, можна сказаць,  сімвалічную суму. Большасць жа расходаў па ўтрыманні службы сацыяльных работнікаў бярэ на сябе дзяржава.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *