Пазычыць і не страціць

Як аформіць у натарыуса дагавор пазыкі грошай? Ці ёсць перавагі ў натарыяльна аформленага дагавора пазыкі перад распіскай або дагаворам пазыкі, аформленай у пісьмовай форме?
Часта людзі перадаюць грошы без афармлення, давяраючы на слова, што грошы будуць вернуты ў тэрмін. Але неабходна разумець, што ў такім выпадку ёсць рызыка не вярнуць перададзеную суму. Дагавор пазыкі лічыцца заключаным з моманту перадачы грошай. Аднак складана даказаць факт перадачы без пісьмовага дакумента, падпісанага бакамі.
Калі пазычаеце значную суму, лепш аформіць здзелку ў пісьмовай форме. На гэта ўказвае і артыкул 761 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна якога дагавор пазыкі павінен быць заключаны ў пісьмовай форме, калі яе сума перавышае не менш чым у дзесяць разоў  памер базавай велічыні, а ў выпадках, калі пазыкадаўцам з’яўляецца юрыдычная асоба, – незалежна ад сумы.  У пацвярджэнне дагавора пазыкі і яго ўмоў можа быць прадастаўлена распіска  пазычальніка або іншы дакумент, што пацвярджае перадачу яму пазыкадаўцам пэўнай грашовай сумы.
Непрытрымліванне пісьмовай формы не адмаўляе сапраўднасць дагавора  пазыкі, аднак  пазбаўляе бакі права ў выпадку спрэчкі спасылацца ў пацвярджэнне здзелкі і яе ўмоў на паказанні сведак, але не пазбаўляе іх права прыводзіць пісьмовыя і іншыя доказы.
Натарыяльнае афармленне дагавора пазыкі не абавязковае, аднак па пагадненні паміж сабой бакі могуць звярнуцца да любога натарыуса Рэспублікі Беларусь для засведчання дагавора. Пры сабе неабходна мець   пашпарт. Калі ў пазыкадаўцы ёсць муж (жонка), дагавор пазыкі можа быць аформлены з яго згоды. Гэта значыць, што  муж (жонка) таксама павінны прысутнічаць пры афармленні дагавора асабіста з пашпартам.
Якія ўмовы павінны ці могуць быць прадугледжаны ў дагаворы? Па-першае, неабходна ўказаць звесткі аб пазыкадаўцы (той, хто перадае грошы ў доўг) і  пазычальніку (той, хто атрымлівае грошы ў доўг). Па-другое, – суму пазыкі. Сума можа быць указана як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце. Тэрмін і парадак вяртання грошай, памер і парадак выплаты пазычальнікам працэнтаў на суму пазыкі не з’яўляюцца абавязковымі ўмовамі, але таксама па жаданні бакоў могуць быць  адлюстраваны ў дагаворы.
Адной з пераваг натарыяльна аформленага дакумента з’яўляецца тое, што натарыус дапаможа скласці дагавор пазыкі з указаннем усіх неабходных умоў, растлумачыць правы і абавязкі бакоў,  наступствы заключэння данага дагавора, у тым ліку і наступствы яго неналежнага выканання. Яшчэ адной з пераваг з’яўляецца магчымасць спагнаць  нявернутую ва ўказаны тэрмін суму пазыкі, а таксама працэнтаў у прымусовым парадку на падставе выканаўчага надпісу натарыуса. Для гэтага пазыкадаўцу неабходна прадаставіць  натарыусу экзэмпляр дагавора пазыкі, пашпарт. Такі парадак дазволіць пазбегнуць звароту ў суд па даным пытанні і тым самым зэканоміць час на спагнанне запазычанасці.
Не варта грэбаваць пісьмовым афармленнем перадачы грошай у доўг.
Кацярына СТРАЛЬЦОВА,
натарыус Брэсцкай
натарыяльнай акругі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *