Сумаваць забараняецца, ці Аптымізм у дапамогу

Не бывае былых настаўнікаў, і Лідзія Архангельская гэта даказвае: яна заўсёды застаецца педагогам.

Меладычны голас, прывабная знешнасць – гэта пра яе, Лідзію Іванаўну Архангельскую, якая 37 гадоў аддала сярэдняй школе № 1 г. Ляхавічы, дзе працавала дырэктарам і настаўнікам рускай мовы і літаратуры, дзе да сёння яе паважаюць і любяць.

У Ляхавічы яна прыехала з Расіі – нарадзілася і скончыла Хабараўскі педінстытут. А тут, у Беларусі, і настаўнічала, і сталела прафесіянальна, і пра сям’ю клапацілася. Пры яе дырэктарстве школа ўмацавала статус адной з лепшых у раёне, было шмат інавацый, быў створаны, напрыклад, ваенна-патрыятычны клас.

– Я вельмі ўдзячна сваім калегам, якія разумелі мае патрабаванні і заўсёды падтрымлівалі, – шчыра зазначае Лідзія Архангельская. 11 гадоў як яна на пенсіі. Чым займаецца? У яе ёсць ўнучка і ўнук, з якімі праводзіць шмат часу; некалькі сотак на лецішчы, дзе вырошчвае  агародніну, ягады і кветкі; а таксама ёсць кнігі. Вялікая бібліятэка збіралася на працягу ўсяго жыцця. Сярод любімых аўтараў –класікі Талстой, Дастаеўскі, Салтыкоў-Шчадрын. Раней Лідзія Іванаўна любіла вышываць, шмат работ раздарыла знаёмым, сябрам і блізкім. Вялікі стос грамат, дыпломаў і пахвальных лістоў заўсёды ёй нагадвае пра работу, пра яе любімую педагогіку.  Дэвізам Архангельскай з’яўляецца простая фраза: не сумаваць!

– Якія б цяжкасці ні былі, заўсёды трэба верыць, што дрэнныя часы зменяцца светлымі, – упэўнена яна. Гэта Лідзія Іванаўна ведае не па чутках. Нягледзячы на ўсе перашкоды і беды, жанчына справілася з жыццёвымі выпрабаваннямі, дзякуючы мужнасці, упартасці, сіле волі. І адзначае ў гэтыя дні асабісты юбілей – «сур’ёзную дату», як вызначае сама.

Віншаванні, паважаная Лідзія Іванаўна, ад вашых шматлікіх вучняў з пажаданнямі здароўя, радасці, дабра!

Ірына ШЛОЙДА, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *