Залатая тысяча. У Ляхавіцкім раёне віншавалі вадзіцеля-тысячніка

Вадзіцель-тысячнік ЗТАА «БелДан» Аляксандр Азарчык.

Жніво працягваецца – жніво ў разгары. Яно не дае ніякай палёгкі сваім удзельнікам. Таму што галоўнае: убраць, убраць максімальна хутка, убраць  да апошняга зярнятка. Лёс хлебнай забяспечанасці, заможнасці ў руках тых, хто шчыруе  на збожжавых палетках.

У гонар трактарыста-машыніста ЗТАА “БелДан” Аляксандра Азарчыка, які перавёз ад камбайнаў першую тысячу тон залатога груза, у першы жнівеньскі дзень гучалі песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Крыніца”. Павіншаваць маладога, але вопытнага вадзіцеля з працоўнай перамогай і ўручыць падарунак прыехаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Ён падзякаваў перадавіку за працу, а кіраўніцтву “БелДана” –  за створаныя ўмовы для работы людзей.

Аляксандр Азарчык за рулём  магутнага трактара “Кейс Магнум  335” пяты сезон. Машыну вядзе ўпэўнена, вывучыў яе дасканала. Адказны, добрасумленны, працуе з настроем. Ад бацькі, таксама трактарыста, навучыўся ставіцца да любой даручанай справы з душой. Быць сярод лепшых для маладога механізатара не ў навіну – два гады назад ён ўжо атрымліваў у раёне такі ганаровы статус.

На хлебных палетках на прадпрыемстве задзейнічаны толькі сучасныя агрэгаты: два “Нью Холанды” і КЗС-12. На іх працуюць старанныя і руплівыя Артур Гутырчык, Максім Горбік і Іосіф Ламанос. Камбайнеры з ранку да позняга вечара ў полі. Іх заданне на жніво – больш за 2000 гектараў, з якіх ужо ўбрана 826. Намалочана больш за 2239 тон збожжа.

– Спякотнае надвор’е паўплывала на колас, таму з гектара сёлета намалочваем менш леташняга. Але хлеб якасны і добры, – адзначае вядучы бухгалтар ЗТАА “БелДан” Таццяна Быкоўская.

Задача на сёння – убраць вырашчаны ўраджай без страт. Аграрыі спяшаюцца, працуюць без перапынкаў і прыпынкаў. А калі надвор’е ўсё ж прымушае рабіць паўзу, пераключаюцца на іншыя сельгасработы. Ведаюць: хто працуе, таму і шанцуе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч віншуе перадавіка


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *