Сэрцам у Рыа-дэ-Жанэйра

Прамая трансляцыя асноўных падзей ХХХІ Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра будзе весціся на ўсіх кантынентах. Балець за сваіх, у тым ліку ў рэжыме анлайн, змогуць і беларусы

Афіцыйны вяшчальнік Алімпіяды ў Беларусі – Белтэлерадыёкампанія – пакажа прамую трансляцыю адкрыцця ХХХІ Алімпійскіх гульняў, а таксама запіс урачыстай цырымоніі для тых гледачоў, у каго не будзе магчымасці назіраць за пачаткам буйнейшага спартыўнага форуму ў ноч з 5 на 6 жніўня, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Урачыстая цырымонія адкрыцця XXХI летніх Алімпійскіх гульняў пройдзе на стадыёне Марыа Філья, больш вядомым як «Маракана». Ён размешчаны ў Рыа-дэ-Жанэйра і з’яўляецца першай па ўмяшчальнасці футбольнай арэнай Бразіліі. Легендарны стадыён збярэ каля 80 000 жадаючых на ўласныя вочы паназіраць за адкрыццём Алімпіяды.
Цырымонія прадоўжыцца больш за тры гадзіны. Арганізатары абяцаюць маляўнічае шоу, у якім будзе выкарыстана 3 000 кілаграмаў феерверкаў і задзейнічана 10 000 валанцёраў. Іншыя асаблівасці грандыёзнага паказу, падрыхтаванага да адкрыцця, трымаюцца ў сакрэце, але гледачы тэлеканала «Беларусь 1» могуць не сумнявацца, што ўбачаць усё свята ў прамым эфіры. У 1.15 пачнецца трансляцыя шоу, якое папярэднічае цырымоніі, а за 10 секунд да 2.00 будзе дадзены старт адваротнаму адліку афіцыйнага адкрыцця Гульняў.
Феерычнае нараджэнне Алімпійскага агню для беларусаў пройдзе позняй ноччу з-за розніцы ў часе з Бразіліяй, але тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 5» удзень 6 жніўня прапануюць увазе тэлегледачоў паўтор урачыстага адкрыцця галоўнага спартыўнага свята чатырохгоддзя. Галоўны тэлеканал краіны пакажа адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Рыа ў запісе ў 15.45, а спартыўны канал – у 11.20.
Алімпійскія гульні-2016 – падзея, якой чакаюць мільёны людзей на ўсёй планеце. На працягу 16 дзён свет, затаіўшы дыханне, будзе сачыць за выступленнямі мацнейшых спартсменаў. Прамая трансляцыя асноўных падзей Гульняў будзе весціся на ўсіх кантынентах, адзначылі ў прэс-службе.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *