Дарожная грамата

Пра  забеспячэнне дарожнай бяспекі ішла гаворка на  апаратнай нарадзе  ў старшыні райвыканкама. Справаздачу па пытанні трымаў начальнік АДАІ РАУС  Андрэй Пераход. Ён адзначыў, што сёлета за 7  месяцаў на тэрыторыі раёна зарэгістраваны  3 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх   2 чалавекі  загінулі і 2 атрымалі  траўмы. Парушэнні  правілаў дарожнага руху – асноўныя  прычыны ДТЗ. Сёлета здарэнні  з удзе-лам пешаходаў адбыліся ў цёмны час, прычым адзін з іх быў без святлоадбівальных элементаў. З пачатку года не было зафіксавана ДТЗ па віне вадзіцеляў у нецвярозым стане, як і транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх. Гэта, у тым ліку, і вынік актыўнай прафілактычнай работы.
Міліцыянеры  за 7 месяцаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці больш за 4300  парушальнікаў ПДР. За выпуск на лінію няспраўнай тэхнікі  да адказнасці прыцягнуты  22 службовыя асобы, яшчэ 23 –  за тое, што дапусцілі  вадзіцеля да работы  без праходжання абавязковага медагляду перад рэйсам або  ў стане алкагольнага ап’янення, без дакументаў на  адпаведную  катэгорыю.
Дзяржаўтаінспектары  асаблівую ўвагу звяртаюць на тыя  недахопы ў арганізацыі дарожнага руху, што пагражаюць  небяспекай. З пачатку года камунальнай і дарожнай службам выдадзена 15 прадпісанняў па правілах утрымання дарог і вуліц, 4 службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Старшыня  райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу начальніка АДАІ на правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей да пачатку навучальнага года, дарожнай службы –  на якасці пакрыцця дарог.
Былі абмеркаваны і іншыя пытанні, што датычацца жыццядзейнасці раёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *