Дысцыпліна – гэта галоўнае. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай пабываў у Брэсцкай вобласці

Фота БЕЛТА

Павысіць кадравую і выканальніцкую дысцыпліну на месцах запатрабаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Адпаведныя задачы Кіраўнік дзяржавы паставіў 15 жніўня ў час рабочай паездкі ў Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці.

У праграме рабочай паездкі Прэзідэнта першапачаткова значылася нарада аб сацыяльна-эканамічным развіцці Брэсцкай вобласці, аднак Аляксандр Лукашэнка ўнёс у яе нечаканыя карэктывы, прысвяціўшы першую палавіну дня наведванню прадпрыемстваў, вырашэнню канкрэтных праблем на месцах і размове з жыхарамі раённага цэнтра.
У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы прыехаў у ААТ «Маларыцкая райаграпрамтэхніка». Дэталёва вывучыўшы стан спраў, Прэзідэнт даручыў аднавіць сістэму райаграсэрвісаў ва ўсіх раёнах краіны. «Ні ў якім разе нельга разбурыць тую інфраструктуру, якая некалі была створана. Мы іх павінны адрадзіць ва ўсіх раёнах. Трэба пашыраць сферу паслуг», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія абслуговыя арганізацыі арыентаваны не толькі на сельгаспрадпрыемствы, але і на ўвесь раён у цэлым, у тым ліку фермераў, асобных грамадзян. Перш за ўсё ў райаграсэрвісах неабходна дакладна вызначыцца з коштам тых ці іншых паслуг, каб цана была канкурэнтаздольная і прывабная для патэнцыяльных заказчыкаў. Акрамя таго, важна пашыраць іх пералік.

У час наведвання ААТ «Маларыцкая райаграпрамтэхніка» Аляксандр Лукашэнка выказаў немалую долю крытыкі наконт знешняга выгляду і ўтрымання вытворчых памяшканняў. Прыбыўшы на прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы ўбачыў у многім безгаспадарчы падыход да справы. «Да 1 студзеня тут павінен быць наведзены парадак!» – даручыў Прэзідэнт.

У Маларыцкім раёне Прэзідэнт таксама наведаў дзве фермы сельгаспрадпрыемства «Савушкіна», дзе назіраецца абсалютна іншая карціна з пункту гледжання гаспадарлівага падыходу і арганізацыі вытворчага працэсу. Прадпрыемства працуе з прыбыткам і ўстойліва развіваецца. «Тут няма нічога таго, чаго няма ў краіне, толькі ідэальны парадак і адказнасць. Тэхналагічная і кадравая дысцыпліна – гэта галоўнае», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Тут размова ішла не толькі аб рабоце гэтага паспяховага прадпрыемства, але і аб праб-лемных сельгасарганізацыях раёна, шляхах павышэння эфектыўнасці іх работы. Прэзідэнт падрабязна цікавіўся рознымі тэхналагічнымі працэсамі, па сутнасці, правёўшы на ферме выязную міні-нараду.

Падрабязнасці новага фармату рабочых паездак Аляксандр Лукашэнка раскрыў ужо на нарадзе ў Маларыцкім райвыканкаме. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падставай для правядзення нарад з выездам у рэгіёны служаць не нейкія надзвычайныя абставіны. «На кожным месцы мяне цікавіла тая ці іншая праблема, – сказаў Прэзідэнт. – Кантраляваць выкананне ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы, якія прапісаны ў «Матрыцы задач для вертыкалі ўлады», я буду пастаянна. Хачу проста папярэдзіць, нікога ні ў якім разе не запалохваючы: усе рашэнні, якія я прымаю тут на месцы, павінны няўхільна выконвацца, чаго б гэта ні каштавала – і ўраду, і губернатару, і кіраўнікам прадпрыемстваў».

Не менш важная падстава быць на месцах – кантроль за ходам праводзімых работ. Пры гэтым пытанне не толькі ва ўборачнай кампаніі, нягле-дзячы на яе важнасць. «Мы ўжо навучыліся ўбіраць. Усё, што трэба было ад дзяржавы, і нават больш таго, зроблена. Трэба глядзець глыбей, на тэхналогіі, – упэўнены Кіраўнік дзяржавы. – Я цудоўна разумею: усе ўсё адначасова не зробяць. Але да чаго імкнуцца, мы паказалі ўжо».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што стыль і тактыка яго рабочых паездак мяняецца. «Я разумею, што кожны губернатар і старшыня райвыканкама знойдуць, што паказаць. Але калі я буду глядзець толькі на прыгожае, то ўсё, што за кадрам застанецца, можа не атрымаць свайго развіцця», – заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Губернатар, кіраўнікі раёна і канкрэтных прадпрыемстваў на нарадзе далажылі аб выніках і перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця па даручаных ім напрамках.

Завяршаючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзнятыя пытанні датычацца не толькі Маларыцкага раёна, але і ўсёй краіны ў цэлым. Задачы пастаўлены ў розных сферах і ўспрыняты кіруючай вертыкаллю. «Наколькі гэта магчыма, мабілізуйце свае калектывы, збярыцеся самі і наперад. Іншага нам не дадзена. Дзейнічайце!» – заклікаў Прэзідэнт.

Знаходзячыся ў Маларыце, Кіраўнік дзяржавы не раз спыняўся для размовы з мясцовымі жыхарамі. Пытанні ўзнімаліся самыя розныя: ад развіцця масавага спорту да цэнаўтварэння і сацыяльнай падтрымкі.

Акрамя таго, каля мясцовага спартыўнага комплексу, дзе прызямліўся прэзідэнцкі верталёт, зайшла размова аб развіцці спорту, у тым ліку дзіцяча-юнацкага. Аляксандр Лукашэнка даў шэраг канкрэтных даручэнняў у гэтай галіне. У іх ліку вырашэнне праблемных пытанняў з работай лядовай арэны ў Бярозе.

Прэзідэнт выказаў і крытычную заўвагу наконт выступлення асобных беларускіх атлетаў на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны меў магчымасць дастойнага заработку, аднак для гэтага неабходна прыкладаць намаганні. «У Беларусі толькі лянівы можа не зарабіць. Мы што, ваюем, вайна ў нас ідзе або яшчэ штосьці?.. Трэба проста крыху варушыцца», – сказаў Прэзідэнт, размаўляючы з жыхарамі райцэнтра.

Пры гэтым дзяржава заўсёды акажа падтрымку тым, каму яна сапраўды неабходна. «Дапамагаць мы будзем. Калі вы зробіце крок, мы зробім насустрач крок (я маю на ўвазе ўсю краіну). А калі вы будзеце, апусціўшы рукі, сядзець і глядзець, што нехта вам штосьці прынясе, то, ведаеце, дапамагаюць таму, хто сам гэтага хоча», – заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, вытворцы ў краіне пачынаюць выходзіць з той цяжкай сітуацыі, у якой яны апынуліся ў сувязі з сітуацыяй на знешніх рынках. «Нам складана, за год гэта не зробіш, але мы пачынаем узнімацца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова ён падкрэсліў недапушчальнасць цэнавага перакосу ў краіне. «Галоўнае, каб не было цэнавага перакосу: калі няма магчымасці ўзняць зарплату, каб цэны ў гэты час не раслі. Калі гэта ёсць – гэта вялікі недахоп. Цэны расці не павінны цяпер», – сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што адна з самых галоўных задач для дзяржавы – забяспечыць людзей работай. «Сваё шчасце трэба шукаць на сваёй зямлі, – упэўнены беларускі лідар. – Мы павінны зрабіць, каб і пасля нас людзі жылі нармальна і працавалі – гэта галоўная мая задача».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *