Школьна-садаўскі марафет

Напружаным выдаўся  мінулы тыдзень  для  педагогаў  і тэхработнікаў 15  школ і дзіцячых садкоў  раёна: установы адукацыі трымалі экзамен  на  гатоўнасць  да новага навучальнага года.  Камісіі  ў складзе спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама,  райЦГіЭ, энерганагляду дасканала  праверылі  кожны аб’ект.  Супрацоўнікі РАНС правялі ўласны рэйд.  У першую чаргу ўвага звярталася на выпраўленне тых недахопаў і недапрацовак, якія былі выяўлены падчас мінулагодніх прыёмак, а таксама планавых праверак. 10 жніўня  разам з членамі адной з груп карэспандэнт “ЛВ” пабываў у некаторых з адукацыйных устаноў.
Загадчыца Тухавіцкага дзіцячага сада не хавае радасці, паказвае шырокую  дарожку, якая  нядаўна  з’явілася  перад  уваходам. Неабходным матэрыялам забяспечыў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а  работу выканалі бацькі выхаванцаў. Пісьмовая падзяка ім  зараз  размешчана на  дзвярах цэнтральнага  ўвахода.  Не застаюцца  ў  баку і шэфы.  Мясцовы торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі» то матэрыяламі  падтрымае, то сваіх майстроў накіруе: нядаўна працавалі электрык і слесар.  Для дваццаці тутэйшых  дашкалят створаны выдатныя ўмовы. Клопат пра здароўе выхаванцаў – з асноўных накірункаў дзейнасці садка.  Дарожка  здароўя,  алімпійскі астравок з відам  на  стадыён, куток  лекавых раслін і асаблівы гонар – адзіны сярод усіх устаноў адукацыі раёна  басейн. Тут вучаць плаваць дзетак  з трох гадоў.   Прыходзяць  сюды і пачаткоўцы Тухавіцкай СШ. А ў экалагічным пакоі , раздзеленым  на  міні-зоны,  выхаванцы  знаёмяцца  з пакаёвымі раслінамі, робяць вырабы з прыроднага матэрыялу і нават праводзяць  вопыты.

Дзіцячы сад закрываўся на рамонт  на некалькі тыдняў. За гэты час усё падрыхтавана-падрамантавана. Дарэчы, у   тухавіцкім  садку  чакаецца папаўненне – у вёску прыехала сям’я, у якой адразу чацвёра дзетак-дашкалят.

Наступны прыпынак – Тухавіцкая СШ. Вялікі двор (агульная плошча  каля 4 гектараў)  па-гаспадарску дагледжаны: кусты роўна падстрыжаны, трава скошана, вакол мноства кветак.  Нарэшце зроблена адмостка ля будынка. Унутры пашчыравалі тэхработнікі – фарбавалі,  клеілі,  ім пры  неабходнасці дапамагалі  настаўнікі. Зроблена асвятленне  над класнымі дошкамі.  Поўнасцю ўкамплектаваны  кабінет абслуговай працы.  Швейная машынка,  электрапліта, мікрахвалёўка, набор посуду – усё, каб дзяўчынкі маглі атрымаць  навыкі  дамашняй гаспадыні. Светла, чыста, камфортна і ў сталоўцы.  А дзвюм  трэніровачна-трэнажорным залам  можа пазайздросціць нават спартыўная школа.  Прычым, яны ніколі не пустуюць,  запоўнены наведвальнікамі  да самага вечара.  Сюды ўмацоўваць здароўе, пазаймацца на трэнажорах штодня спяшаюцца не толькі  школьнікі, але і дарослыя тухавічане.  Нават наведваецца група  мужчын ва ўзросце ад 60 гадоў  і старэйшых. Наогул, да  спорту  ў Тухавічах  ставяцца з вялікай пашанай. Яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму – яркая і змястоўная  насценгазета, намаляваная маці аднаго з вучняў да Алімпійскіх гульняў у Бразіліі.

Па ўсім  перыметры тэрыторыі  Востраўскай СШ чырвоныя, пунсовыя,  белыя ружы.  Прыгожа! Але не толькі гэтым парадуе сёлета сустрэча са школай. Дырэктар навучальнай установы паказвае  новы камп’ютарны клас з інтэрактыўнай дошкай.  Любімае месца для вучняў і настаўнікаў школьная бібліятэка. Акрамя вялікай колькасці кніг, газет і часопісаў (на бачным месцы і “ЛВ”),  ёсць камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, іншая аргтэхніка. Пры  жаданні можна прыйсці сюды і з уласным ноўтбукам. Касметычны рамонт  рабілі ўласнымі  сіламі, матэрыяламі  забяспечыў аддзел адукацыі, спорту і турызму.

Відаць, што ў  Востраўскім дзіцячым садзе  значную  ўвагу  надаюць пытанням бяспекі жыццядзейнасці сваіх выхаванцаў: на пляцоўках дарожная  разметка, знакі – усё для таго, каб школьнікі ў гульнёвай форме замацоўвалі веданне  правілаў  дарожнага руху. У памяшканнях зроблены касметычны рамонт. На заўвагі  наконт недастатковага  асвятлення тэрыторыі, неабходнасці  абгарадзіць  кантэйнер са смеццем загадчыца ўстановы  абяцае аператыўна выправіць сітуацыю.

Хто не быў у Малагарадзішчанскім ДС-СШ апошнія некалькі гадоў, напэўна, не пазнае  тэрыторыю гэтай навучальнай установы – колькі тут кветак, клумбаў, зялёных астраўкоў. У тым ліку  дзякуючы і шэфам – райаграсэрвісу, больш прывабны  выгляд набыў цэнтральны ўваход, адрамантаваны поручні, фундамент будынка пафарбаваны ў бела-ружовы колер. Свой уклад у падрыхтоўку  школы  да новага навучальнага года ўнеслі і старшакласнікі.

Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына адзначыў, што сёлета  ўстановы адукацыі  вельмі пастараліся, выправілі многія з выяўленых раней  недахопаў.  Нявырашанымі засталіся для некаторых  сельскіх школ аднатыпныя пытанні: сталы ў класах  для пачаткоўцаў не заменены на парты,  прыборы ацяплення ў класах, калідорах, спартыўных залах  не абгароджаны аб’ёмнымі  рашоткамі, недастаткова асветлены дваровыя  тэрыторыі  ў некаторых дашкольных установах.  Неабходна прадоўжыць работу па рамонце  пад’язных шляхоў да іх і пешаходных дарожак, прагулачных і гульнёвых пляцовак. У першую чаргу гэта датычыць Конькаўскага ДС-СШ, Крывошынскай СШ, гімназіі, Задворскага і Крывошынскага дзіцячых садкоў.  Шмат зроблена па ўладкаванні пляцовак часовага складзіравання цвёрдых камунальных адходаў,  аднак, у Начаўскай СШ, Ураджайнінскім і Русінавіцкім садках  работы яшчэ не завершаны.  Не  ва ўсіх школах  і садках у спраўным стане  механічная вентыляцыя.  З шаснаццаці школьных спартыўных залаў  толькі ў  сямі  ў раздзявалках працуюць  душавыя  з гарачай вадой, некаторыя  патрабуюць рамонту.

Валянцін Скарына падкрэсліў, што з кожным годам паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў, ва ўстановах адукацыі створаны і захоўваюцца  належныя ўмовы для арганізацыі   харчавання дзяцей. Ахоп гарачым харчаваннем ў апошнія гады стопрацэнтны.  Наспела неабходнасць правядзення капітальнага  рамонту сталовых  СШ № 1 і гімназіі.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па прыёмцы ўстаноў адукацыі Дзіяна Трысцень задаволена: школы і  дзіцячыя сады  добра падрыхтаваліся да чарговага навучальнага года, таму ўсе правераныя аб’екты атрымалі  пашпарты гатоўнасці ў дзень прыёмкі.  Выдаткаваныя дзяржавай бюджэтныя  грошы на рамонт асвоены выключна  па прызначэнні.

– З лепшага боку ў плане падрыхтоўкі вызначыліся  яслі-сад № 1 і № 4 райцэнтра,  Жарабковіцкі, Начаўскі і Ліпскі дзіцячыя садкі, Падлескі дзіцячы сад-базавая школа, Малагарадзішчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Востраўская і Тальмінавіцкая СШ.  Нельга не адзначыць і дапамогу шэфаў: ТБЗ «Ляхавіцкі» і льнозавода,  СВК “Жарабковічы”, райаграсэрвісу, ПМК-13,  – падвяла вынікі  Дзіяна Трысцень.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *