Аднойчы ў Падлессі

– Імя?

– Падлессе.

– Дата нараджэння?

–XVI стагоддзе.

–Месца нараджэння?

–Навагрудскі павет Вялікага Княства Літоўскага.

Такім незвычайным дыялогам сёлета пачалося свята вёскі ў Падлессі.

За стагоддзі існавання наша вёска перажыла шмат перамен, у рэшце рэшт – стала аграгарадком з развітай інфраструктурай і ўсім неабходным для камфортнага жыцця вяскоўцаў. Сёння сярод нашых землякоў шмат маладых сем’яў, а ёсць і тыя, хто адсвяткаваў 55-годдзе сумеснага жыцця – ізумруднае вяселле! І, без перабольшвання, усе былі рады сабрацца на свята, каб адзначыць яго разам з добрымі суседзямі.

Адной з самых адметных падзей гэтага дня стала ўручэнне заслужаных зорак. Так, зорку “Здароўе і прыгажосць” атрымала Падлеская ўрачэбная амбулаторыя. Зорка “Задаволены кліент” дасталася работнікам мясцовых аддзяленняў сувязі, Беларусбанка і фірменнай крамы СВК “Жарабковічы”. Спецыяльная зорка “Вучэнне – свет” была падрыхтавана для Падлескай школы, а зорка “Доблесць” – для аграгараджан, якія праходзяць службу ва Узброеных Сілах. Шаноўнай зямлячцы Галіне Мазюк, якая шмат гадоў далучала аднавяскоўцаў да культуры і мастацтва, пад шчырыя апладысменты ўручылі зорку “Муза”. Ёсць у Падлессі футбольная каманда, якая ў гэтым сезоне не мела паражэнняў ад іншых аматарскіх каманд раёна, а ў святочны дзень атрымала чарговую перамогу – над футбалістамі гарадской ДЮСШ. Нашым спартсменам цяпер будзе свяціць зорка “Спорт і здароўе”.

Былі і іншыя зоркі, шмат падарункаў, песень ад самадзейных артыстаў Падлескага СДК, якія падрыхтавалі новую музычна-забаўляльную праграму, што завяршылася цудоўным гала-канцэртам эстраднай песні. Землякам будзе што ўспомніць!

Ларыса ГЛЕБ, бібліятэкар Падлескай СБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *