СВК «Ляхавіцкі». Прадметная размова пра поўныя засекі

Перад пачаткам вялікага жніва механізатарам дае наказ старшыня Аляксандр Вітко.

Калі поспех знянацку, мае налёт выпадковасці, ён тым не менш з’яўляецца дасягненнем. Калі ж поспех запраграмаваны стаўленнем да справы, абгрунтаваны дакладным разлікам і задзейнічаннем усіх яго складнікаў, ён хоць і прадказальны, але шматразова больш каштоўны. І трывалы, як у СВК “Ляхавіцкі” з года ў год.

Вось і ў сёлетнім жніве гаспадарка стала лідарам у раёне з яе 54,2 цэнтнера з гектара (з улікам паправачнага каэфіцыента), выхадам 161 кілаграм зерня на бала-гектар. Тым не менш старшыня Аляксандр Вітко падкрэслівае:

– Гэта далёка не самы лепшы паказчык для нашай гаспадаркі. Узяць хаця б леташнія ў паўтара раза вышэйшыя вынікі. Сёлета адыграла ролю банальная прычына, на якую паўплываць было немагчыма, – надвор’е. Хлеб, як і іншыя культуры, вырошчваем строга па тэхналогіі: ад падрыхтоўкі глебы да давядзення зерня ў сушыльнай гаспадарцы да належнай кандыцыі.

Мусіць, не выпадковым быў выбар адраса сёлетніх раённых зажынак – сельгаскааператыў “Ляхавіцкі”. Тут ёсць чаму павучыцца і, у першую чаргу, гаспадарскім адносінам да зямлі. Колькі сямейных экіпажаў, працоўных дынастый шчыруюць на палетках гаспадаркі. Як ні прыгадаць прозвішчы ў тэму: Алейнікавы, Асланяны, Граблюкі… Несправядлівым будзе не назваць дынастыю Вітко: сам старшыня, яго сын і ўнукі. Што тут скажаш, лепшы і самы пераканаўчы прыклад – асабісты.

Намеснік старшыні Іван Вітко азіраецца на жніво прафесіянальна ўважліва:

– Сёлета лепш за ўсё ўрадзілі азімыя, у прыватнасці, трыцікале –  60 цэнтнераў з гектара. Паўтаруся, ад тэхналогіі вырошчвання не адступалі, але з-за засухі зерне было менш важкім. Убіралі хлеб восем экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, з якіх, дарэчы, тры сямейныя. Вельмі стараліся і яны, і вадзіцелі на адвозцы. Ладзілася справа ў моладзі: Андрэй Жэрка стаў першым, Сяргей Хлапянік – трэцім у раённым спаборніцтве маладых вадзіцеляў на жніве. Не падвялі і аператары сушыльных установак. Экіпаж у складзе Анатолія Герасімовіча, Леаніда Юніка, Яраслава Радзіона апрацаваў больш як 6500 умоўных тон зерня і прызнаны лепшым у раёне. Другі, у складзе Аляксандра Ходара і Міхаіла Грыкеля, – на трэцім месцы.

Намалот “Ляхавіцкага” у каравай Брэстчыны – 5540 тон. Усе гэтыя тоны, кожнае зярнятка атрымалі максімум клопату – і па патрабаваннях агранамічнай тэхналогіі, і па душэўным хлебаробскім раскладзе.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары сушыльнай гаспадаркі Аляксандр Ходар, Міхаіл Грыкель, Анатолій Герасімовіч, Леанід Юнік, вадзіцель Сяргей Хлапянік.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *