Рамантыкі з вялікай дарогі

Месца для рамантыкі ёсць і ў век інфарматызацыі і камп’ютарызацыі. Хто ведае пра гэта не на слыху, а на ўласным вопыце? Канешне, турысты. І чарговым пацвярджэннем сталі раённыя спаборніцтвы, прысвечаныя сусветнаму Дню турызму.
На гэты раз месцам збору ляхавіцкіх экстрэмалаў стаў невялікі лясны масіў каля вёскі Падсаколле. Некалі тут было месца здабычы пяску, таму ўзгорыстая мясцовасць вельмі падыходзіць для спаборніцтваў па тэхніцы горна-пешага турызму. 9 каманд раёна сабраліся, каб прадэманстраваць свае ўменні і навыкі, атрыманыя на занятках, а таксама выявіць мацнейшых у камандных спаборніцтвах на кароткай дыстанцыі. Дыстанцыя ўключала паралельныя поручні, навясную пераправу, спартыўны спуск, спартыўны пад’ём, гаць, вязку вузлоў, бервяно з каманднай страхоўкай праз сухі роў.
Найбольш падрыхтаванай тактычна і фізічна паказала сябе каманда Конькаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы (трэнер В. Ксёнжык), якая заняла першае
месца. Другое і трэцяе адпаведна – у турыстаў Крывошынскай СШ (трэнер І. Вітко) і СШ № 1 (трэнер М. Бубнаў). Прайграўшых у спаборніцтвах не было: усе актыўна адпачылі, аздаравіліся і пасябравалі.
Ларыса ДЗЯРЭЧЫК,
метадыст раённага цэнтра турызму
і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Фота з сайта http://lyahovichi.edu.by.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *