Вандроўка па краіне дзяцінства

Працуючы ў школе, дзе кожную раніцу цябе сустракаюць 180 пар цікаўных вачанят, разумееш – вось яно шчасце. Шчасце, якім хочацца дзяліцца з цэлым сусветам. Пераступаючы школьны парог, акунаешся ў дзіўны свет дзяцінства, дзе ад настаўніка залежыць, якое надвор’е будзе сёння ў гэтай незвычайнай краіне, якой няма на карце.

У нашай школе займаюцца дзеці розных узростаў, але для кожнага з іх, акрамя ўрокаў, абавязкова знойдзецца занятак па душы.  Творчыя, клапатлівыя і знаходлівыя педагогі Крывошынскай сярэдняй школы заўсёды гатовы разам са сваімі вучнямі ўзяцца за любую справу: спяваць, маляваць, вышываць, майстраваць, адправіцца ў захапляльнае падарожжа, стаць сапернікам у спартыўнай ці інтэлектуальнай гульні.

Зусім нядаўна закончыліся восеньскія канікулы, якія для рабят нашай школы прайшлі цікава і запамінальна.  На працягу 6 дзён многія вучні сталі выхаванцамі прышкольнага аздараўленчага лагера “Сонейка”. Выхавальнікі стварылі ўсе ўмовы для змястоўнага адпачынку дзяцей:  парадавалі разнастайнымі конкурсамі, гульнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі, падчас якіх рабяты змаглі прадэманстраваць свае таленты і здольнасці.  Не засталіся па-за ўвагай і астатнія школьнікі – кожны дзень працавалі гурткі па інтарэсах, спартыўныя секцыі, камп’ютарны клас, праводзіліся цікавыя мерапрыемствы і турніры. Запамінальным фіналам восеньскіх канікулаў стала экскурсія па маршруце “Брэсцкая крэпасць-герой – аквапарк горад Кобрын”. Дарэчы, крывошын-скія школьнікі кожны год з задавальненнем наведваюць Брэсцкую крэпасць, лічаць сваім абавязкам зноў і зноў прайсціся па  святых мясцінах і аддаць даніну павагі і памяці героям, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля мірнага сёння.

Святлана САПЕГА,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце
Крывошынскай СШ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *