У кватэрах пацяплела
У мінулы панядзелак цяпло прыйшло ў дамы і кватэры. Як паведаміў рэдакцыі галоўны інжынер КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Жук, у першую чаргу, яшчэ 7 кастрычніка была падключана большасць школ, дзіцячых садкоў, устаноў аховы здароўя, 10 кастрычніка – астатнія аб’екты сацыяльнай сферы ў горадзе і раёне. Заяўкі на падключэнне цяпла ў адміністрацыйных будынках, што паступаюць ад кіраўніцтва прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, выконваюцца адразу.
Па словах галоўнага інжынера, камфортна цёплая тэмпература і ў раённай бальніцы (цяпло далі яшчэ раніцай 7 кастрычніка). Нагадаем, што тут яшчэ канчаткова не завершана замена трубаправода цеплатрасы, пакуль работы прыпынены.
Камунальнікі папярэджваюць, калі сярэднясутачная тэмпература паветра будзе вышэй за 10 градусаў, то ацяпленне памяшканняў будзе праводзіцца ў рэжыме прапальвання.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.