Калі спяваюць міліцыянеры /фота/

У Ляхавіцкім РАУС нямала таленавітых супрацоўнікаў.

Мы прывыклі бачыць іх на пасту па ахове грамадскага правапарадку, ведаем, што яны разблытваюць складаныя злачынствы і знаходзяць злодзеяў, уціхамірваюць хуліганаў і перавыхоўваюць цяжкіх падлеткаў. Такая ў іх служба. Але, акрамя яе, ёсць у супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і святы, і любімыя заняткі для душы. А яшчэ – неардынарныя здольнасці і таленты.

У гэтым можна было ўпэўніцца ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры. Тут праходзіў занальны тур абласнога этапу агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Верныя мы доўгу свайму заўсёды”, прысвечаны 100-годдзю беларускай міліцыі (юбілей будзе адзначацца ў наступным годзе).

Акрамя ляхавічан, удзел у ім узялі супрацоўнікі Баранавіцкіх рай- і гараддзела, транспартнай міліцыі, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага РАУС. На працягу 20 мінут кожная каманда паказвала рознажанравую канцэртную праграму. Міліцыянеры спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы, у тым ліку і ўласныя, спрабавалі сябе ў ролі артыстаў-парадыстаў, ігралі на музычных інструментах, паказвалі сцэнкі.

Паспяхова выступілі і гаспадары. Нашы вартавыя правапарадку аказаліся надзвычай таленавітымі. Міліцыянер-дзяжурны ізалятара часовага ўтрымання Аляксандр Русакевіч сарваў апладысменты, калі прачытаў верш уласнага сачынення “Адказ замежнаму грамадзяніну”. Удзельнікі ансамбля “Вікторыя” выйшлі на сцэну з песнямі “Брава, міліцыя!” і “Славяне”. Вельмі лірычна прагучала кампазіцыя “Осенний поцелуй” у выкананні вядучага спецыяліста па рэгістры насельніцтва аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Таццяны Капцэвіч. Доўга не сціхаў смех у зале, калі парадыйныя маналогі чытаў міліцыянер-дзяжурны ІЧУ Аляксандр Ляшук.

На аглядзе-конкурсе было нямала ветэранаў міліцыі. Яны не толькі прысутнічалі ў якасці гледачоў-балельшчыкаў, але і склалі дастойную канкурэнцыю сваім больш маладым калегам. Дружна рэпеціравалі, каб пранікнёна праспяваць разам “Как молоды мы были”. А на экране – кадры з іх колішняй службы.

З любымі, нават самымі складанымі, абавязкамі лёгка спраўляцца, калі дома чакае надзейны тыл. А нашых міліцыянераў родныя і блізкія падтрымлівалі не толькі словамі падбадзёрвання і апладысментамі, а і сумесным выступленнем на сцэне. Так, танцавала і была вядучай праграмы дачка Таццяны Капцэвіч адзінаццаці-класніца Алена, а пяцігадовы Станіслаў спяваў разам з бацькам – участковым інспектарам РАУС Аляксандрам Машэем.

Па выніках конкурсу самадзейныя артысты з Ляхавіцкага райаддзела занялі другое месца.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота тут

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *