Адзвінелі першыя званкі

Гімназія г. Ляхавічы

Гэтыя словы з песні падыходзяць да вучняў усіх часоў:

В первый погожий
сентябрьский денёк
Робко вхожу я под светлые своды.
Первый учебник и первый урок –
Так начинаются школьные годы…

Але асабліва пяшчотна-шчымлівае дачыненне яны маюць да бадай што галоўных дзеючых асоб першавёраснёўскіх лінеек, – першакласнікаў.

…Шасцігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі, моцна трымаючы за рукі бацькоў, пад апладысменты прысутных прайшлі на ўрачыстую лінейку, прысвечаную Дню ведаў. Сёлета ў гімназіі за парты ўпершыню селі 72 хлопчыкі і дзяўчынкі. І ўпершыню за 20 гадоў існавання гэтай навучальнай установы ўтвораны 4 першыя класы. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч уручылі першакласнікам кнігі “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку”.

Дружную вучнёўскую сям’ю, творчы педагагічны калектыў гімназіі, бацькоў з пачаткам новага навучальнага года павіншаваў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Дырэктар гімназіі Леанід Калбаса пажадаў паспяховай вучобы, цікавых урокаў,  выдатных адзнак усім гімназістам.

А потым на першы ўрок, які прысвячаўся роднай Беларусі, паклікаў школьны званок.

Свяціцкая сярэдняя школа

Дзень 1 верасня заўсёды набывае самую яркую, урачыста-святочную афарбоўку. Не адзінымі, але галоўнымі творцамі і дзеючымі асобамі гэтага свята становяцца, канешне ж, школьнікі. Яшчэ не з вучнёўскім ранцам за плячыма, аднак, з абавязковымі кветкамі ў руках, з акуратнымі каўнерыкамі з-пад строгіх, як правіла, касцюмаў, з усмешкамі на вуснах.

У самай аддаленай школе раёна – Свяціцкай сярэдняй – першы ў гэтым годзе званок на ўрок прагучаў для 69 вучняў. Для некаторых з іх ён стаў адзінаццатым  у жыцці, а вось для Вікторыі Буйкевіч прагучаў упершыню. Іменна так: першы клас Свяціцкай сярэдняй у бягучым навучальным годзе прадстаўляе адзіна — толькі Віка.

Ва ўрачыстасцях з нагоды  пачатку новага  навучальнага года ў Свяціцкай школе прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук. Пры-ехаў не толькі з віншаваннямі і пажаданнямі ўсяго найлепшага, – як і належыць у падобных выпадках, былі падарункі. Быў і момант асаблівай значнасці:  Уладзімір Крук уручыў ордэн Маці свяцічанцы Ірыне Русакевіч. Ірына Іосіфаўна нарадзіла і выхоўвае 6 дзяцей, а месцам яе працы з’яўляецца менавіта, Свяціцкая САШ.

Сёлетні першавераснёўскі званок стаў таксама першым на новай пасадзе для дырэктара школы Людмілы Бародкі.

Ляхавіцкі дзяржаўны агракаледж

Старт новаму 2011-2012 навучальнаму году на Ляхавіччыне першымі далі педагогі і навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. У апошні дзень лета на традыцыйную ўрачыстую лінейку сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі, выхавацелі, навучэнцы, бацькі, госці і сябры ўстановы. Сёлетняе ўрачыстае адкрыццё новага навучальнага года хоць і традыцыйнае, але з новаўвядзеннем, ды яшчэ якім! Нарэшце, у ЛДАКу – адасобленым структурным падраздзяленні Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта – можна атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях “агранамія” і “заатэхнія”.

Са словамі прывітання да рабят, педагогаў і бацькоў звярнуўся дырэктар ЛДАКа кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Сельмановіч.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук павіншаваў каляджан з новым годам навучальным і ўручыў у якасці падарунка новенькі ноутбук.

Ад імя бацькоў выступіла Наталля Кулак, ад першакурснікаў – Аляксей Яўсцігнееў, ад навучэнцаў – Наталля Кулеш. Павіншаваў з пачаткам навучальнага года і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк.

Былі падведзены вынікі конкурсу на званне лепшай акадэмічнай групы. Трэцяе і другое  месцы паміж сабой падзялілі 44 і 32 групы агранамічнага аддзялення Пераможцай трэці раз запар стала 41-я група аддзялення ветэрынарнай медыцыны (куратар Тамара Адаменка). Падарункамі адзначаны і лепшыя гаспадары пакояў у студэнцкіх інтэрнатах, будатрадаўцы і члены валанцёрскага атрада, лепшыя спартсмены і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *