Галоўнае – не спазніцца

Перамагчы рак магчыма, калі ў гэтым будзе зацікаўлены не толькі ўрач, але і кожны чалавек. Папярэдзіць хваробу прасцей, чым яе вылечыць. Ранняе выяўленне пухліны  дае гарантыю    паспяховага лячэння. Гэта адносіцца практычна да ўсіх захворванняў, у тым ліку і да раку малочнай      залозы.

Фактары рызыкі
Як паказваюць даследаванні, рак малочнай залозы з’яўляецца поліэтыалагічным захворваннем. Гэта значыць, што няма адзінай прычыны ўзнікнення пухліны.
Тым не менш, у выніку шматлікіх даследаванняў былі ўстаноўлены асноўныя фактары рызыкі развіцця раку малочнай залозы.
Да іх адносяцца:
*узрост (верагоднасць захварэць ракам малочнай залозы ўзрастае пасля 40 гадоў);
*раней перанесены рак малочнай залозы або рак яечнікаў;
*сямейная схільнасць, што дапускае  выпадкі раку малочнай залозы ў сваякоў першай або другой ступені роднасці;
*уздзеянне жаночых палавых гармонаў: позняя менапаўза, познія роды, бяздзетнасць;
*гарманальнае лячэнне, прыём аральных кантрацэптываў;
*маючыя месца ў мінулым перад-пухлінавыя захворванні малочнай залозы вызначанай гісталагічнай формы;
*іанізуючая радыяцыя ў маладым узросце;
*нездаровы лад жыцця: малая фізічная актыўнасць, курэнне, злоўжыванне алкаголем, павелічэнне масы цела;
*генетычныя фактары (мутацыі ў генах).
Хочацца адзначыць, што наяўнасць фактараў рызыкі не азначае, што жанчына абавязкова захварэе ракам малочнай залозы. Гэта сведчыць толькі пра тое, што ў яе павышаецца верагоднасць развіцця анкалагічнай паталогіі. З другога боку, рак малочнай залозы можа развіцца ў жанчын, якія не маюць відавочных фактараў  рызыкі.
Адзіным рэальным шляхам паспяховага выздараўлення з’яўляецца ранняя дыягностыка.
Самаабследаванне
Большасць спецыялістаў рэкамендуе праводзіць самаабследаванне малочных залозаў, пачынаючы з 20-гадовага ўзросту і на працягу ўсяго жыцця.
Станьце перад люстэркам, выцягніце рукі ўздоўж цела.
Звярніце ўвагу, ці аднолькавыя малочныя залозы па памерах, форме, знешнім выглядзе. Звярніце ўвагу на любыя змяненні скуры (пачырваненне, уцягванне, маршчыністасць і іншыя); памераў, формы, з’яўленне няроўнасцяў  на паверхні залозы; саскоў (уцягнутасць, выдзяленні, іх характар).
Падыміце рукі над галавой і паўтарыце агляд.  Ляжце на спіну.
Па чарзе абследуйце залозы.  Правую –  пальцамі левай рукі і наадварот.   Звяртайце ўвагу на наяўнасць балючых участкаў, ушчыльненняў, любыя іншыя змяненні кансістэнцыі малочнай     залозы.
Паўтарыце працэдуру стоячы.
Акрамя таго, у працэсе самаабследавання неабходна агледзець падпахавыя вобласці, звяртаючы ўвагу на наяўнасць павелічэння або балючасць падпахавых лімфатычных вузлоў.
Асноўныя сімптомы паталогіі
Адной з самых ранніх прыкмет праблем у малочнай залозе з’яўляецца ўшчыльненне. Як паказвае практыка, 70-80 працэнтаў усіх захварэўшых жанчын змаглі самастойна заўважыць першыя трывожныя сімптомы. Канешне, сярод усіх выяўленых пухлін большая частка аказваецца дабраякаснай. Але дапамога спецыяліста – урача-мамолага – патрэбна ў любым выпадку.
Пры выяўленні ўшчыльнення катэгарычна забараняецца займацца самалячэннем. Не дапамагаюць тут ні капусны ліст, ні спіртавыя настойкі, грэлкі і іншыя рэцэпты “добразычліўцаў”.
У шэрагу выпадкаў узнікненне паталогіі ў малочнай залозе праяўляецца выдзяленнямі з саска. Колер выдзяленняў можа быць любым – празрыстым, крывяністым, жоўта-зялёным, з прымессю гною.  На паверхні саска могуць узнікнуць ранкі, якія пераходзяць у язвавыя паражэнні. Прычым у працэс можа ўключыцца і астатняя частка залозы.
Магчыма змяненне выгляду малочнай залозы. Гэта тычыцца колеру і   стану скурнага покрыва: ад злёгку ружаватага да барвовага адцення.  Разам з гэтым скура можа набыць і выгляд так званай “апельсінавай скуркі”. Гэта становіцца асабліва прыкметным, калі падняць рукі над галавой і паглядзець у люстэрка: з’яўляюцца своеасаблівыя ямачкі, што сведчыць пра ацёк  грудзей.
Могуць змяніцца абрысы малочнай залозы. Часам можна назіраць уцягванне саска. Прычым, чым большае паражэнне, тым мацней яно выражана.
Пачатковыя сімптомы раку малочнай залозы бываюць іншы раз настолькі нязначнымі, што часта жанчына імкнецца адагнаць ад сябе думкі пра сур’ёзнасць сітуацыі. Але з часам з’яўляюцца больш выразныя прыкметы захворвання, якія ўсё складаней ігнараваць. Калі заўважылі хоць адзін з трывожных сімптомаў, адразу адпраўляйцеся да спецыяліста.
Самаабследаванне малочных залозаў з’яўляецца толькі адным са спосабаў назірання за іх станам. У шэрагу выпадкаў пухліна ўжо можа быць у грудзях, аднак пры самаабследаванні яе                                 выявіць не ўдаецца. Праблема вырашаецца шляхам спалучэння самаабследавання з дадатковымі метадамі – ультрагукавым даследаваннем малочных залозаў, мамаграфіяй і іншымі.
Вынік лячэння раку малочнай залозы залежыць не толькі ад сучасных дасягненняў медыцыны, але і ад увагі самой жанчыны. Сачыце за сваім здароўем. Пры выяўленні любых змяненняў у малочнай залозе звяртайцеся да ўрача, не займацеся самалячэннем. І самае галоўнае – не бойцеся. Толькі ў сумесным саюзе  можна папярэдзіць і пераадолець любую хваробу.
Сяргей СЯРЖАНТАЎ,
урач-анколаг ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *