Прыемна бачыць вас, калегі! /фота/

Здаецца, яшчэ ўчора  яны спяшаліся  ў школы і дзіцячыя садкі, якія паспелі стаць для іх другім домам, каб сказаць такія звыклыя словы “Добрай раніцы, дзеці!” і запрасіць сваіх вучняў у чарговае захапляючае падарожжа па краіне ведаў. Час праляцеў, нібы імгненне. І сёння яны – дырэктары і завучы, настаўнікі, выхавальнікі,  лабаранты – на заслужаным адпачынку. Але вопыт ветэранаў педагагічнай     працы – сапраўднае багацце. Іх ідэі, падказкі вельмі дарэчы  тым, хто сёння працуе з дзецьмі. Пенсія ж для іх – проста ўзроставая акалічнасць, бо на справе яны такія актыўныя, творчыя, натхнёныя, з мноствам ідэй, па-ранейшаму гатовыя да новых цікавых сустрэч і не проста іх чакаюць, а самі рыхтуюць для сябе і для іншых  святы.
У мінулую суботу на свята-ўшанаванне    “Былых педагогаў не бывае” ў СШ № 2 сабраліся больш за сотню  педагогаў, эканамістаў, бухгалтараў, метадыстаў, якія ў розныя часы  працавалі ў гарадскіх  школах, дашкольных і пазашкольных установах, аддзеле адукацыі. Гэта своеасаблівая сустрэча пакаленняў, бо побач з настаўнікамі-ветэранамі     былі  іх сённяшнія калегі і,   канешне ж, вучні.
Менавіта яны, а, дакладней,  выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прывітаннем-віншаваннем пачалі канцэртную праграму.  Выступленні ў падарунак падрыхтавалі  хлопчыкі і дзяўчынкі з розных школ горада. Кожны нумар у іх выкананні прыйшоўся даспадобы гасцям.  Высока ацанілі яны і артыстычныя здольнасці выхавальнікаў дзіцячага сада  № 3, іх тэатральна-парадыйны нумар выклікаў  мора смеху ў зале.  А як спявалі загадчыца дзіцячага сада № 4 Ларыса Бобер і  педагог ЦДАДіМ Таццяна Калацкая! Шчырымі апладысментамі гледачы ацанілі  песні ў выкананні былога бухгалтара аддзела адукацыі Лідзіі Расоха, музычныя нумары сямейнага трыа ў складзе  Аляксандра і Валянціны  Барташэвічаў і іх унука Аляксандра  Войціка.  Былы бухгалтар аддзела адукацыі   Марыя Біза – актыўная ўдзельніца народнага клуба ветэранаў вайны і працы ”Сівізна”, яна не толькі спявае, але і сама піша вершы, некаторыя прачытала на свяце. Артыстызму былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 Валянціны Бародзіч можна па-добраму пазайздросціць. І як жа ёй пасавала роля  феі-весялухі – яна ад душы весяліла залу.
Прыемных і запамінальных момантаў было шмат. Пранікнёна, з  павагай гаварыла пра сваіх былых калег начальнік аддзела адукацыі,  спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская.   Дарэчы, Святлана Канстанцінаўна – адна з 19  прадстаўнікоў педагагічнай сям’і Буцько, у якой ужо 4 пакаленні тых, хто сее разумнае, добрае, вечнае… Увогуле, сярод настаўнікаў  дынастый і сем’яў нямала: Сайко,  Юнік,  Сокал,  Каваленка,  Чарток,  Купрык,  Дубіна,  Ясевіч і многія іншыя.
– Ляхавіцкія педагогі заўжды былі на вышыні. Іх прозвішчы гучалі сярод лепшых з лепшых на Брэстчыне, – такімі словамі вітала  калег  старшыня абласнога савета  ветэранаў педагагічнай працы  Яўгенія Топчая.
Шмат цёплых слоў у адрас прысутных сказалі старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана   Бялецкая, раённай ветэранскай арганізацыі Мікалай Юруць, раённага савета ветэранаў педагагічнай працы  Кацярына Легеда, першы сакратар   райкама  БРСМ Тамара Пракап’юк.
Апладысментамі сустракалі тых, для каго 2016 год стаў юбілейным.  60, 65,70,75, 80-гадовыя – такіх у зале сабралася  25 чалавек!  У кожнага за плячыма свой лёс, свае гісторыі, вучні. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да справы, якой аддадзена большая частка жыцця.  Закружылі ў вальсе  настаўніцкія пары Людміла і Міхаіл Рагацэвічы, Ганна і Анатолій  Малевічы, Валянціна і Аляксандр Барташэвічы. Апладысменты і словы пашаны гучалі ў адрас Веры і Івана Купрыкаў.
Бадай галоўнае, што гучала з вуснаў кожнага ў гэты дзень: “Як здорава, што ўсе мы сабраліся разам.  Такія сустрэчы вяртаюць нас у маладосць.  Важна адчуваць сябе патрэбнымі, незабытымі. Дзякуй!”
У добрым настроі разыходзіліся госці дамоў, каб зноў сустрэцца ў годзе наступным.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

One thought on “Прыемна бачыць вас, калегі! /фота/

  • 15/12/2016 в 16:50
    Permalink

    Такі падарунак зрабілі апантаныя педагогі адзін аднаму! Сустрэліся, панастальгіравалі, зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі да наступнага свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *