Хрышчаныя агнём. І не толькі. 19 студзеня калектыў Ляхавіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях адзначыць прафесійнае свята /фота/

Начальнік Ляхавіцкага РАНС падпалкоўнік унутранай службы Валерый Равінскі.

Чорнае на белым. З моста, які злучае два берагі Ведзьмы, постаці аматараў падлёднай лоўлі ўяўлялі нават нейкую загадкавасць. У сваім тоўстым цёмным адзенні, амаль нерухомай засяроджанасці, гэта было падобна на сеанс калектыўнай медытацыі. Калектыў невялікі: дзясятак ці крыху больш мужчын, занятых сваёй справай. Але як толькі “Джылі”, “цюнінгаваная” ў фірменным стылі аўтамабіляў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, завярнула на невялікі парковачны пятак зоны адпачынку, медытацыя  скончылася. Рыбакі сінхронна  ўставалі са сваіх скрыняў і нетаропка, самавіта нават паказалі нам спіны. Далёка не адрываліся, з надзеяй і ўпэўненасцю на хуткі адбой трывогі.

– Гэта дастаткова тыповыя паводзіны. Убачаць шапку з какардай – і ўцякаць, быццам мы ўяўляем для іх нейкую небяспеку. Мы ж, наадварот, клапоцімся пра бяспеку знаходжання людзей на лёдзе. Нагадаем правілы паводзін, важнасць правільнай экіпіроўкі… Скажаце, гаворана-перагаворана. Так, але напаміны такога кшталту лішнімі ніколі не бываюць. На жаль, некаторыя і слухаць не хочуць, – відавочна звыкла абураецца начальнік Ляхавіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Равінскі.
Маразы скавалі раку. Тэсціруем, і высвятляецца, што лёд мінімум удвая перарос стандартна-бяспечныя для знаходжання чалавека 7 сантыметраў. Ва ўсякім разе, у нашым месцы ракі.                               Месца гэта, дарэчы сказаць, у крокавай даступнасці ад гарадскога пляжа. Цяпер заснежаны, пустынны, канешне ж. Але зусім верагодна, што першыя ў гэтым годзе купальшчыкі з’явяцца тут ужо сёння. 19 студзеня не толькі Дзень выратавальніка, але і Хрышчэнне.
…Наведванне з прафілактычнай мэтай “клёвага” месца – усяго толькі адзін і не самы вялікі пазл у карціне дня раённых выратавальнікаў. На момант сумеснага “дзяжурства” начальніка РАНС і         карэспандэнта ”ЛВ” у вёсцы Мінічы праходзіў сельскі сход. Мэта – прафілактыка, тэма – актуальная бяспека: карыстанне пячным  ацяпленнем, электрабытавымі прыборамі, іншае. Рэгулярным і пастаянным клопатам для работнікаў РАНС з’яўляецца выезд па адрасах неўладкаваных сем’яў і ненадзейных грамадзян: што там з безумоўнасцю выканання правілаў пажарнай бяспекі?
Усе пры справе, кожны на сваім участку. Размешчаны па гарадской вуліцы Арлоўскага галоўны офіс   раённай службы 101 сустрэў нягучнай службова-дзелавой атмасферай. У дзяжурнага каравула РАНС свае інструкцыі і справы, у першага намесніка начальніка   Сяргея Гатоўчыца – свае. Апошні зусім нядаўна “падрос” у спецыяльным званні: сузор’е маленькіх зорачак на пагонах  змянілася на адну вялікую.
Цэнтр аператыўнага кіравання РАНС не пустуе ні хвіліны. Так і хочацца прадубліраваць яго яшчэ і такой назвай – пост №1 службы 101. Сюды сцякаюцца ўсе патокі інфармацыі. Фіксуюцца літаральна кожны гук і штрых, літара, слова, відэафакт, аналізуюцца на прадмет прыняцця рашэння. Дыспетчар, дарэчы, мае права на прыняцце самастойнага рашэння, якое тычыцца ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Нават нягледзячы на сціплась звання: пасаду дыспетчара па штаце займае супрацоўнік без зорак на пагонах. Хоць справа не ў іх – у асобе. Адказнасць, камунікабельнасць, добразычлівасць, уменне гаварыць і слухаць, захоўваць раўнавагу і недзе нават быць псіхолагам. І ўсё гэта пра дыспетчара, які, акрамя таго, у пэўных сітуацыях павінен дзейнічаць рашуча.
Пара тэлефонных апаратаў і камп’ютараў, стосік рабочай дакументацыі. Палову сцяны цэнтра аператыўнага кіравання займае буйнамаштабная карта горада, другую – Ляхавіцкага і сумежных тэрыторый суседніх раёнаў. Апошні штрых – не выпадковасць, калі ў выпадку са службай 101 увогуле можна гаварыць пра нейкія выпадковасці. Усё падпарадкоўваецца строгім правілам, напрацаваным нормам, законам службы і жыцця.  Некалькі месяцаў назад у сістэме МНС адбылася аптымізацыя. У выніку асобныя мясцовасці суседніх раёнаў адышлі ў зону адказнасці ляхавіцкіх пажарных-выратавальнікаў. Узраслі нагрузка і радыус дзеяння. Зараз па сігнале “101” ляхавіцкія агняборцы гатовы  выехаць у Баранавіцкі, Несвіжскі, Клецкі, Ганцавіцкі, Івацэвіцкі раёны. Выязджае, як правіла, тое з падраздзяленняў – аварыйна выратавальных пастоў – якое знаходзіцца тэрытарыяльна бліжэй да месца здарэння. Частку Ганцавіччыны, напрыклад, “закрываюць” ПАВП “Тальмінавічы”, “Шчэрбава” і “Ліпск”. Бліжэйшую да нас тэрыторыю Баранавіцкага раёна – ПАВП “Падлессе”. І далей, у падобным раскладзе. Напружаным раскладзе – тут, там, сёння, заўтра. Нягледзячы на тое, што заўтра ў іх прафесійнае свята.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Першы намеснік начальніка РАНС маёр Сяргей Гатоўчыц

Дыспетчар РАНС сяржант унутранай службы Раман Бяліцкі.

Людзі і тэхніка ў пастаяннай баявой гатоўнасці.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *