Мірная лыжня

На базе лыжаролернай трасы ў аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна ў  спартыўным паядынку  сышліся  прадстаўнікі лясгасаў Брэстчыны. На старт галіновай спартакіяды выйшлі 14 каманд. Ляхавіцкі лясгас прадстаўлялі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Адаменка, памочнікі ляснічага Ляхавіцкага і Мядзведзіцкага лясніцтваў Павел Шпак і Віктар Сердзюкоў.
Наталля Адаменка дзеліцца:
– Настрой быў бадзёры і баявы. Вакол такая прыгажосць! Бегчы па незнаёмай трасе было  цікава і захапляльна. Працягласць лыжні для жанчын – 2 кіламетры, для мужчын – удвая большая.
Вынік ляхавіцкіх лесаводаў па суме балаў –  трэцяе агульнакаманднае месца.
Да слова, умеюць змагацца лясгасаўцы – умеюць і адпачываць. Днямі арганізавалі сямейны выезд у Букавель – гарналыжны курорт у Карпатах. Каб паездка адбылася, пастараўся галіновы прафсаюз – аплаціў частку падарожжа. Пазнаёміліся з мясцовай  культурай,  пакаталіся на лыжах, сноўцюбах, “букавельскіх горках”, купаліся ў тэрмальных басейнах пад адкрытым   небам –  зарадзіліся морам эмоцый і ўражанняў.  Пасля такога здаровага адпачынку і працаваць лягчэй.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *