Наша Аліна Аляксандраўна. Чалавек, які ведае пра Ляхавіччыну ўсё, а ў раёне яе ведаюць усе

Чалавек, які ведае пра Ляхавіччыну ўсё, а ў раёне яе ведаюць усе. Так на працягу дзесяцігоддзяў гаварылі пра нашу зямлячку – выдатную журналістку, колішняга намесніка галоўнага рэдактара раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» Аліну Лапіч

Як гаворыць сама Аліна Аляксандраўна, яе такі бурны «раман» з раёнкай доўжыўся амаль чатыры з паловай дзесяцігоддзі.
– У рэдакцыю «Будаўніка камунізму» я прыйшла працаваць у 1973 годзе адразу пасля заканчэння Жарабковіцкай сярэдняй школы. Разам з газетай сталела, набіралася вопыту, асвойвала журналісцкую прафесію, калі вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце журналістыкі і калі пераймала вопыт у сваіх калег, пісала артыкулы, сустракалася з жыхарамі раёна. Год за годам усё больш упэўнівалася, што выбрала прафесію па душы.
Жыла газетай і вельмі любіла справу, якой займалася. Амаль пра кожнага, з кім давялося дзяліць святы і будні раёншчыкаў, з задавальненнем скажу толькі шчырыя і цёплыя словы. Значны ўплыў і вялікую ролю на мяне і ў плане журналістыкі, і ў школе жыцця аказалі мая калега Святлана Фокіна і, канешне, колішні галоўны рэдактар раёнкі Юлій Шталь – разумны, неабыякавы чалавек, цудоўны кіраўнік і журналіст. У рэдакцыі я знайшла і цудоўную верную сяброўку – Яніну Гацура.
Газета была і застаецца для мяне асноўнай крыніцай інфармацыі, свежых навін і нязменным спадарожнікам жыцця. Я даўно на заслужаным адпачынку, але з роднай раёнкай ніколі не развітвалася, чытаю кожны нумар. І вельмі рада, што «Ляхавіцкі веснік» па-ранейшаму запатрабаваны ў чытача. І заўжды чакаю чарговай сустрэчы са сваімі калегамі, – адзначае Аліна Лапіч.
Напэўна, не адно пакаленне «веснікаўцаў» ахарактарызуе Аліну Аляксандраўну як сапраўднага майстра жывога трапнага журналісцкага слова. Яе артыкулы заўжды вылучаліся адметным стылем, індывідуальным почыркам. Яна ўмела знайсці падыход да кожнага героя сваіх шматлікіх артыкулаў. Яе публікацыі пра людзей вылучаліся шчырасцю, пяшчотай, любоўю да землякоў. У крытычных матэрыялах Аліна Лапіч зыходзіла з фактаў, не баялася ўказаць на недапрацоўкі і пралікі. За кампетэнтнасць, праўдзівасць, неабыякавасць яе паважалі і калегі, і чытачы. А якія цікавыя, трапныя, вострыя загалоўкі давала сваім матэрыялам! Нездарма яна заўжды была дастойным настаўнікам у журналісцкай прафесіі для новага папаўнення рэдакцыі. Яе творчы шлях ад карэспандэнта раённага радыё да намесніка рэдактара раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» – прыклад таго, як трэба любіць сваю прафесію і рэалізоўвацца ў ёй.
А яшчэ Аліна Аляксандраўна той чалавек, з якім можна падзяліцца сваімі радасцямі і праблемамі, яна заўжды ўважліва выслухае і дапаможа, яе парады слушныя, з ёй камфортна і цёпла.
У асабістай скарбонцы Аліны Лапіч нямала ўзнагарод за журналісцкі прафесіяналізм. У тым ліку і званне «Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў». Але, бадай, самыя важныя – прызнанне і павага чытачоў і калег.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сёння, 3 мая, у нашай калегі, нашай Аліны Лапіч –
шыкоўны юбілей! Дарагая Аліна Аляксандраўна, «веснікаўцы» – сённяшнія і ветэраны працы – шчыра віншуюць Вас з гэтай вызначальнай жыццёвай падзеяй і жадаюць моцнага здароўя, шчасця, невычарпальнай энергіі. Няхай кожны дзень поўніцца толькі радаснымі імгненнямі, настрой будзе толькі на пазітыве, родныя і блізкія натхняюць і любяць. Заўжды чакаем і рады бачыць Вас у нашай з Вамі рэдакцыі «Ляхавіцкага весніка»!