Ляхавіцкая эстрадная студыя «Экспрэс» стварыла фурор на клецкай сцэне

У суседнім Клецкім раёне шмат калектываў самадзейнай мастацкай творчасці, пра якія можна сказаць: таленавітыя. Але, калі на сцэне выступала народная эстрадная студыя “Экспрэс” з Ляхавіч, шквал апладысментаў не змаўкаў. Гэта паездка для самадзейнага калектыву нават не планавалася, але, калі атрымалі запрашэнне прыняць удзел у міжраённым конкурсе “Калядныя сустрэчы”, не раздумваючы, сабраліся ў дарогу. Сярод 24 удзельнікаў і 4-х вакальных груп “Экспрэс” выдзяляўся разнастайнасцю рэпертуару і майстэрствам выканання. Салісткі Ларыса Бобер і Ірына Шэўчык пакарылі клецкую публіку і журы. Яны былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі, і самадзейны калектыў атрымаў грамату і каштоўны падарунак.
Ужо 13 гадоў эстрадная студыя працуе пад нязменным кіраўніцтвам Юрыя Грыня, які, дарэчы, яе і стварыў. За гэты час творчы калектыў па-сапраўднаму раскрыў свой талент. Таццяна Лук’янчык, Ірына Шэўчык, Святлана Сталярчук, Ларыса Бобер, Аляксандр Гуліцкі, Васілій Шпак, Мікалай Мацулевіч – людзі розных узростаў і прафесій, аб’яднаныя адной любоўю — да песні. Яны таленавіта выконваюць творы беларускіх і замежных кампазітараў, песні, напісаныя Юрыем Грынем. Напрыклад, “Цябе кахаю”, ”Ляхавічы”, “Цвітуць вяргіні” на словы паэта Віктара Гардзея. Самадзейны калектыў – нязменны ўдзельнік свят, конкурсаў і фестываляў, якія праходзяць у раёне і вобласці. З творчасцю народнай эстраднай студыі з Ляхавіч знаёмы і ў Польшчы. У скарбонцы ўзнагарод самай рознай вартасці граматы і дыпломы, падарункі. Але галоўным для артыста застаюцца апладысменты гледачоў і аншлаг – іменна так сустракаюць канцэрты самадзейнага калектыву.

Наталля ГАРАХОВІЧ, вядучы метадыст РМЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *