Армейская быль

Запрашэнне ў сталічны драм-тэатр Беларускай арміі ў мінулы панядзелак атрымалі пераможцы і лаўрэаты творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва. За 10 гадоў правядзення конкурсу, ініцыятарамі і заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства абароны і Міністэрства інфармацыі краіны, ён набыў папулярнасць сярод СМІ і журналістаў.
Цырымонія праходзіла з удзелам міністра абароны Андрэя Раўкова і міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Было святочна і ўрачыста. Пра прэстыж тэмы, за асвятленне якой адзначаліся сродкі масавай інфармацыі, гаворыць той факт, што на ўдзел у конкурсе было пададзена 116 заявак. “Ляхавіцкі веснік” удастоены  граматы Міністэрства абароны, якую ўручыў Андрэй Раўкоў. Сярод адзначаных дыпломамі і граматамі таксама абласная «Заря», бярозаўскі «Маяк», пружанскія «Раённыя будні» і «Лунінецкія навіны».
Сённяшні дзень нашай арміі, пераемнасць пакаленняў і традыцый, неўміручая слава подзвігу народнага, здзейсненага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пашана да ветэранаў, патрыятычнае выхаванне насельніцтва, падрыхтоўка юнакоў да армейскай службы, будні і святы ў салдацкім страі – усё гэта і многае іншае шырока адлюстроўваецца на старонках газет, у тэле- і радыёэфіры, матэрыялах інфармацыйных агенцтваў, інтэрнэт-выданняў. Армейскай тэматыцы прысвечаны рубрыкі, старонкі, творчыя праекты. Кожны радок, кожнае слова прасякнуты любоўю да тых, хто ваяваў, хто сёння стаіць на варце міру, хто гатовы ў любы момант абараніць свабоду і незалежнасць Радзімы, хто шліфуе сваё майстэрства абаронцы і падчас вучэнняў паспяхова здае гэты экзамен.
“ЛВ” нарадзіўся як “Совецкі патрыёт” у вогненным 1943-м. Мусіць, гэтым многае сказана: з любоўю да Радзімы ён ідзе да сваіх чытачоў. У тым ліку і гэта ў нас агульнае.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *