Па «праблемных» адрасах і не толькі

З пачатку гэтага года ў нашым раёне зарэгістравана 3 пажары. Аднаму чалавеку неасцярожнае абыходжанне з агнём каштавала жыцця, другі памёр у выніку атрыманых апёкаў. Супрацоўнікі РАНС і РАУС, сацыяльнай службы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспека – у кожны дом” адправіліся ў прафілактычны рэйд па “праблемных” адрасах (з пункту гледжання выканання правілаў пажарнай бяспекі). Запрасілі ”на маршрут” і карэспандэнта ”ЛВ”. Заходзілі да адзінокіх пенсіянераў, якія не заўсёды могуць заўважыць  няспраўнасці, што прыводзяць да няшчасных выпадкаў.
Першы адрас, куды трапілі ўдзельнікі рэйду, – дом у завулку Піянерскім у райцэнтры. Тут жыве пажылая сямейная пара. У доме дзве печкі. Гаспадары прызнаюцца, што заўсёды сочаць за тым, каб нідзе не было расколін, шчыльна зачыняліся дзверцы, а дымаход быў ачышчаны ад сажы. Элементарная мера засцярогі ад іскраў і вуглёў, якія могуць трапіць  на падлогу, –
прыбіты перад дзверцамі печы металічны ліст. Праверылі электраправодку – таксама ў парадку.  А вось аўтаномны пажарны апавяшчальнік праверку не прайшоў: трэба замяніць элемент сілкавання. Паабяцалі хутка набыць, бо разумеюць, што ў доме з пячным ацяпленнем апавяшчальнік – рэч неабходная. Інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксей Клетаніца яшчэ раз нагадаў, што печ трэба паліць па меры неабходнасці, пры гэтым не дапускаць яе  перагрэву.
Прадстаўнік сацыяльнай службы  Наталля Ісаханава прапанавала пенсіянерам скарыстацца магчымасцю атрымліваць дапамогу ў форме сацыяльнага абслугоўвання на даму. Але яны адмовіліся, кажуць, што самі могуць сябе даглядаць. Нечаканым гасцям былі вельмі рады: прыемна, калі клапоцяцца, да таго ж з адчуваннем бяспекі жыць спакайней.
Далей кватэра па вуліцы Будаўнікоў. Да гэтага гаспадара не першы раз прыходзяць з такімі праверкамі – часам ён злоўжывае спіртнымі напіткамі.  Апошні раз заходзілі ў снежні, тады і выявілі мноства парушэнняў. Цяпер жа ўсё ў парадку: электраправодку адрамантаваў, электраабсталяванне ў належным стане, апавяшчальнік працуе. Гаворыць, што абяцанне не  курыць у ложку выконвае. Попельніцы ў пакоі больш не стаяць.
Прычыны ўзнікнення пажараў могуць быць самыя розныя: ад няспраўнасці электраабсталявання да звычайнай чалавечай нядбайнасці. Але самае страшнае, калі нехта свядома ставіць сваё жыццё пад пагрозу. Часцей за ўсё алкаголь і непатушаная цыгарэта ў суме з абыякавасцю і неасцярожнасцю становяцца прычынай трагедый.
Жыхар кватэры, куды завіталі далей, быў не надта ветлівым. Прызнаўся: калі б ведаў, хто прыйшоў,  дзверы б не адчыніў. У такіх жыллёвых умовах пра бяспеку і гаварыць не даводзіцца. Каля ложка поўная недакуркаў попельніца, па кутках – пустыя бутэлькі ад спіртных напіткаў. Дарэчы, рэкамендацыю ўсталяваць апавяшчальнік гаспадар праігнараваў. І гэта не ўвесь спіс выяўленых парушэнняў: трэба замацаваць  электрычную разетку (яна не шчыльна прымыкае да сцяны), небяспеку ўяўляюць і аголеныя правады. Выправіць сітуацыю  неабходна тэрмінова, што і паабяцаў зрабіць нядбайны гаспадар.
Наступны адрас – па вуліцы Цітовіча. Гаспадыня дома на прапанову паглядзець, у якім стане печ і электраправодка, катэгарычна адмовілася ўпусціць у дом. Нагадаць, як дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі, куды звярнуцца за дапамогай, давялося на вуліцы…
Такія выпадкі безадказных адносiн, нават да асабістай бяспекі, у час  рэйдаў выяўляюцца не рэдка і вельмі непакояць супрацоўнікаў РАНС. На жаль, не ўсе разумеюць, што папярэдзіць бяду прасцей, чым потым справіцца з яе наступствамі. Галоўная мэта рэйдаў – не пакараць, “не злавіць” за парушэнне, а дапамагчы яго выправіць,  калі сказаць прасцей – зберагчы жыццё.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *