Бегавая дарожка. На п’едэстал

Спецыялізаваны даведнік ці, што ўспрымаецца зараз як  безальтэрнатыўны прыярытэт, адзін клік мышкай падкажуць вам: паўтара кіламетра па дарожцы стадыёна, трэку закрытай арэны адносіцца да ліку сярэдніх дыстанцый лёгкаатлетычнай бегавой праграмы. Пры гэтым, каб разлічваць на варты ўвагі вынік, прэтэндэнт павінен валодаць высокім тактычным мысленнем і зусім не сярэдняй вынослівасцю. У тым ліку, калі не ў першую чаргу, – скораснай. Яшчэ – паказаць гатоўнасць праходзіць кожны з кругоў аднолькава інтэнсіўна і быць здольным, як мінімум, на два паскарэнні. Стартавае, з мэтай максімальна выгадна вырвацца з агульнай групы і заняць пазіцыю на ўнутранай дарожцы і, канешне ж, фінішнае. І там, і там нярэдка вядзецца яшчэ і сілавая – плячо ў плячо – барацьба. У каго склалася, хто вытрымаў, той і на кані. У сэнсе – на п’едэстале гонару, на вышэйшай яго прыступцы. На спаборніцтвах, пра якія ніжэй, у беларусаў склалася вельмі многае.
…25 лютага, манеж Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры. Пад зводамі пануе маладзёжная атмасфера. Больш таго, на адным з інфармацыйных рэсурсаў назвалі міжнародную матчавую сустрэчу юніёраў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Азербайджана, Турцыі, Францыі і Беларусі “аглядам новага пакалення сусветнай лёгкаатлетычнай эліты”. Не станем спрачацца, а будзем радавацца. Тым больш, што для таго ёсць двайная нагода –  за беларускую каманду і за ляхавічаніна Дзмітрыя Равінскага (на фота) як аднаго з яе членаў.
Як расказаў першы настаўнік юнака трэнер-выкладчык ДЮСШ раёна Андрэй Іванюценка, паўтаракіламетровы бег з’яўляецца для Дзмітрыя не самай роднай дыстанцыяй. Яго стыхія 800 метраў, аднак, такога “нумара” ў праграме матч-турніру не значылася. Выйшаў на 1500. Спачатку знаходзіўся ў агульнай групе стартаваўшых, трымаўся за спінамі лідараў. Дыспазіцыя памянялася на апошніх сотнях метраў, калі магутным у сваім стылі рыўком Равінскі пакінуў ззаду ўсю астатнюю сямёрку стартаваўшых. Электроніка зафіксавала фінішныя 3 мінуты 58,38 секунды. Гэта першы прыз турніру і лепшыя для Дзмітрыя мінуты-секунды на данай дыстанцыі – асабісты рэкорд.
Такім чынам, ляхавічанін папоўніў скарбонку беларусаў васьмю баламі, чым, безумоўна, дапамог камандзе першынстваваць у  агульным заліку. На адно ачко адсталі ад нашых юніёры і юніёркі Францыі, камандная бронза дасталася ўкраінцам.
А прыкладна за тыдзень да “матча васьмі” ў Магілёве праходзіў зімовы чэмпіянат Рэспублікі Беларусь. Дарослае спаборніцтва, дзе 18-гадовы юніёр Равінскі стаў другім прызёрам у бегу на свае любімыя 800 метраў. А паказаныя ім 1 мінута 50,94 секунды сталі лепшым юніёрскім вынікам у краіне ў бегу на два кругі. І даюць права на прысваенне звання майстар спорту Рэспублікі Беларусь.
У бліжэйшым графіку навучэнца абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву значыцца Кіславодск, трэніроўкі ва ўмовах сярэднягор’я.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *