Формула жаночага шчасця

У добразычлівай, па-дамашняму цёплай і шчырай атмасферы напярэдадні Дня маці ва ўтульнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы сабраліся жанчыны розных пакаленняў на сустрэчу “Будучыня за вамі”. У цэнтры ўвагі – зямлячкі, якія ўпершыню стануць мамамі. Цяпер на ўліку па цяжарнасці ў жаночай кансультацыі знаходзіцца  39 жанчын, якія будуць нараджаць упершыню. 12 з іх прыйшлі на сустрэчу за кубачкам чаю з прадстаўнікамі ўстаноў і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца аховай мацярынства і дзяцінства: медыкамі, псіхолагамі, педагогамі, сацыяльнымі работнікамі, супрацоўнікамі райвыканкама і райсавета.

Кожную хвіліну ў свеце нараджаецца 3 немаўляці – шчасце, гонар і радасць для мамы. Асабліва хвалюючая і доўгачаканая гэта падзея для тых жанчын, для каго слова мама хутка прагучыць упершыню.

З надыходзячым святам павіншавала прысутных галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Наталля Мацкевіч:

— Як цёпла і добра становіцца на душы, нават калі вымаўляеш гэта пяшчотнае і такое добрае слова “мама”. І адразу забываюцца ўсе праблемы і непрыемнасці, і так хочацца дарыць радасць іншым”.

Пра медыцынскія аспекты цяжарнасці, тое, што здароўе немаўлят у многім залежыць ад здароўя і ладу жыцця будучых маці, гаварыла  ўрач акушэр-гінеколаг райбальніцы Таццяна Малышка. Інфармацыя для роздуму: нара-джальнасць у раёне пакідае жадаць лепшага (па гэтым паказчыку Ляхавіччына сёлета на апошнім месцы ў вобласці).

Медыкі сцвярджаюць, што немаўля выхоўваецца яшчэ да моманту свайго з’яўлення на свет. Пра гэта, як і пра тое, што неабходна жанчыне, каб мацярынства было шчаслівым, гаварыла педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Марына Грыкель. Перад гасцямі таксама выступілі прадстаўнікі іншых службаў (аддзела загса, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва) і раённых арга-нізацый грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і таварыства «Чырвонага Крыжа».

Кожная з маладых мам атрымала на памяць аб сустрэчы падарункі і цудоўны святочны настрой, які разам з іншымі стваралі выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *