Пераход на зімовы час

Неабходнасць сезоннай “карэкцыі” стрэлак гадзінніка ўжо, як ведаем, адсутнічае, і гутарка пойдзе пра зусім іншае – пра тое, што разам з сярэдзінай восені падкралася і пара ацяпляльнага сезона. Здаецца, іменна так, паколькі ўвесь верасень ды і першую дэкаду кастрычніка трымалася дастаткова лагоднае з рэдкімі дажджамі надвор’е. Аднак жа – факт, і жыць з папраўкай на яго давядзецца доўгія месяцы. Гатовы?

КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” з’яўляецца самым маштабным у раёне цеплавытворцам і цеплапастаўшчыком. Сярод спажыўцоў калорый прадпрыемства значацца суб’екты гаспадарання, установы сацыяльна-бытавога і медыка-прафілактычнага прызначэння, жылы сектар – як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. На абслугоўванні камунальнікаў знаходзіцца два з паловай дзясяткі адных толькі кацельняў. Яшчэ – дзясяткі кіламетраў цеплавых сетак, сотні адзінак разнастайнага абсталявання і аснасткі. За ўсім гэтым патрэбна пільнае вока: міжсезонны рамонт ці комплекс абавязковых прафілактычных мерапрыемстваў. Наколькі справіліся, у якой ступені гатоўнасці да работы ў асенне-зімовых умовах знаходзяцца аб’екты КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”? З гэтым пытаннем “Ляхавіцкі веснік” “пайшоў” да галоўнага інжынера прадпрыемства Аляксандра Жука.

“Гатовы на 100 працэнтаў”, – быў адказ. Дзелавая размова адбывалася ў мінулую сераду, і на гэты дзень існаваў ужо загад па КУМВП ЖКГ, які з 11 кастрычніка дазваляў падачу цяпла ў дашкольныя, школьныя, іншыя вучэбныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы і ўстановы сацыяльнага забеспячэння. Але пры ўмове, што сярэднясутачная тэмпература паветра апусціцца да 10 градусаў і пра-трымаецца на такім ці больш нізкім узроўні не менш як 5 сутак. На момант нашай размовы апошняя ўмова выконвалася яшчэ не поўнасцю, аднак, Аляксандр Жук запэўніў, што, пачынаючы з 13 кастрычніка, у дачыненні згаданых устаноў будзе дзейнічаць рэжым так званага “прапальвання”. Іншымі словамі, падачу цяпла мяркуецца дыферэнцыраваць у залежнасці ад, напрыклад, часу сутак, дня тыдня, вонкавага тэмпературнага фону і г. д. “Сігналам” жа для падключэння пад ацяпленне жыллёвага сектара, вытворчых, адміністрацыйных і іншых –  не першай чаргі – аб’ектаў з’яўляюцца аналагічныя ўмовы, толькі за крытычны тэмпературны мінімум прымаецца не 10, як у папярэднім выпадку, а 8 градусаў па шкале Цэльсія.

На кожнай з 25 кацельняў КУМВП ЖКГ выкананы міжсезонныя прафілактычна-рамонтныя работы, праведзена выпрабаванне іх абсталявання. На гэты час усе яны ўжо “пашпартызаваны” – прайшлі праверку міжведамаснай  камісіі і атрымалі пашпарт гатоўнасці. Варта адзначыць, што дзве з іх у бягучым годзе былі пераведзены на выкарыстанне мясцовых відаў паліва. Усяго – 4 катлаагрэгаты. Гэтага, дарэчы, у папярэдніх планах камунальнікаў не значылася. Да таго ж, з поўнай на тое падставай у актыў апошніх можна занесці і замену двух неэканамічных катлоў на больш эфектыўныя.

Гадавая патрэбнасць кацельнай гаспадаркі жылкамунгаса ў цвёрдых відах паліва ўяўляе сабой баланс запасаў роўны 6500 метрам кубічных дроў і 1500 тонам тарфяных брыкетаў. У рэальнасці ж, па стану на пачатак бягучага месяца, на складах захоўвалася 3613 кубоў дроў і 1255 тон брыкету – 55,6 і 83,7 працэнта ад патрэбнасці адпаведна. Не стопрацэнтны на гэты момант паказчык забяспечанасці палохаць або выклікаць іншыя адмоўныя эмоцыі не павінен: нарыхтоўка і давозка дроў, паступленне брыкетаў працягваецца перманентна на працягу года. Задача “ўвайсці” ў ацяпляльны сезон з гадавым запасам МВП на складах для КУМВП ЖКГ нават не стаіць.

Іншым неабходным кампанентам функцыянальнасці цеплавой гаспадаркі ў цэлым з’яўляецца спраўнасць цеплаправодных сетак. І пытанне гэта “закрыта” пакуль не поўнасцю. На працягу лета спецыялісты ЖКГ  выконвалі замену старых стальных цеплаправодных труб на сучасныя папярэдне ізаляваныя на ўчастку ад завулка Грушаўскага да вуліцы Першамайскай у Ляхавічах. Замяніць належала каля 800 метраў трасы ў аднатрубным вылічэнні. Большая частка работ да гэтага часу ўжо выканана, аднак, на адносна невялікім побач з будынкам райвыканкама ўчастку работы працягваліся яшчэ нават і ўчора. Па сутнасці пытання Аляксандр Жук паведаміў, што калі не на гэтым, то ў абавязковым парадку на пачатку наступнага тыдня ў работах будзе пастаўлена фінішная кропка.

Не здымаецца з парадку дня і замена ўчасткаў цеплатрасы ў вёсцы Востраў. Па словах галоўнага інжынера, у меншым аб’ёме работы былі выкананы некалькі раней. У той жа час належыць замяніць трубу на ўчастках ад кацельні да школы, СДК, сельвыканкама. На канкрэтныя мэты нядаўна атрыманы 500 мільёнаў рублёў са сродкаў аблбюджэту. Работы мяркуецца прадоўжыць яшчэ сёлета –  наколькі гэта магчыма ва ўмовах ацяпляльнага перыяду.

Ну і пра тых, хто трымае ці прыме вахту ля цеплагенератараў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Як адзначыў галоўны інжынер прадпрыемства, для новапрынятых на працу ў якасці машыністаў цвёрдапаліўных кацельняў на базе ЖКГ былі арганізаваны спецыяльныя падрыхтоўчыя курсы. З пачатку кастрычніка іх прайшлі каля 2 дзясяткаў чалавек.

P.S. Пасля таго, як гэты матэрыял быў падрыхтаваны, стала вядома, што з 13 кастрычніка пачалася паэтапная падача цяпла і ў кватэры ляхавічан.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *