Адзёр і яго прафілактыка

Адзінай крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек. Асноўны шлях перадачы — паветрана-кропельны, гэта значыць, вірус адру перадаецца ад хворага чалавека да здаровага пры размове, чханні, кашлі. Ён  таксама можа пераносіцца патокам паветра.

Размнажэнне віруса адбываецца ў клетках эпітэлію слізістай абалонкі рота, насаглоткі, трахеі і бронхаў, а таксама ў лімфатычных вузлах.

Хворы адром заразны на працягу 8-10 дзён: прыкладна 5 дзён да з’яўлення сыпу і 5 дзён пасля яго з’яўлення.

Успрымальнасць да адру лічыцца ўсеагульнай, хварэюць людзі ўсіх узростаў.

Захворванне пачынаецца востра, з пад’ёмам тэмпературы да 38-39 градусаў. З’яўляецца рэзкі сухі кашаль, закладзенасць носа, пачырваненне і разрыхленне слізістай задняй сценкі глоткі. Праз 2 дні ўзмацняецца кашаль, развіваецца кан’юнктывіт і святлабоязь, на слізістай шчок з’яўляецца плямістая экзантэма.

Першыя элементы сыпу з’яўляюцца за вушамі, на пераносіцы. На працягу сутак сып распаўсюджваецца на ўвесь твар, шыю, верхнюю частку грудзіны, на другія суткі — на тулава і рукі, на трэція — на ногі. Мае выгляд дробных плям і пухіркоў ружовага або чырвонага колеру, якія на працягу некалькіх гадзін павялічваюцца ў памерах і зліваюцца.

Праз 3-4 дні сып пачынае цямнець (перыяд пігментацыі) і  знікае праз 7-19 дзён, што суправаджаецца вотруб’е-   падобным лушчэннем скуры.

Адзёр у дарослых працякае значна цяжэй, чым у дзяцей. Дарослыя часцей скардзяцца на боль у горле, галаўны боль, шурпатасць слізістых шчок, пяршэнне ў горле, больш выражаны сухі кашаль.  Са з’яўленнем сыпу стан хворага рэзка пагаршаецца і  характарызуецца вельмі высокай тэмпературай (39-40 градусаў), галаўным болем, ванітамі, трызненнем. Ліхаманкавы перыяд у дарослых працягваецца ў сярэднім на суткі даўжэй, чым у дзяцей.

Хвароба рэзка аслабляе арганізм, адкрывае шлях для пранікнення ў яго мікробнай флоры і развіцця небяспечных для жыцця ўскладненняў: паражэння дыхальных шляхоў і органаў слыху, гаймарыты, фарынгіты, ларынгіты, трахеіты, бранхіты, пнеўманіі, паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы, серозныя менінгіты, менінгаэнцэфаліты, эцэфалапатыі, полінеўрыты і г.д.

Самым цяжкім ускладненнем  пасля перанесенага адру з’яўляецца падвостры склеразуючы панэнцэфаліт — захворванне, якое заўсёды прыводзіць да смерці хворага.

Лячэнне мэтазгодна праводзіць у стацыянары пад назіраннем урача.

Надзейным  і адзіным сродкам прафілактыкі адру з’яўляецца вакцынацыя. Увядзенне вакцыны  стварае ў арганізме дзіцяці надзейны імунітэт. Яна зусім бяспечная для дзіцяці і не выклікае ніякіх негатыўных наступстваў.

У нашай краіне прымяняецца камбінаваная вакцына, якая абараняе дзіця не толькі ад адру, але і ад паратыту (свінка), і краснухі. Першую прышчэпку гэтай вакцынай дзіця павінна атрымаць у гадавалым узросце. Каб замацаваць імунітэт і забяспечыць працяглую абарону ад адру, паратыту і краснухі, у 6-гадовым узросце дзеці атрымліваюць другую прышчэпку гэтай жа вакцынай.

Трэба памятаць, што для кожнага непрышчэпленага рызыка захворвання застаецца па-ранейшаму высокай, паколькі ўзбуджальнік хваробы — вірус адру — яшчэ не знішчаны. А ў некаторых краінах  Еўропы пачасціліся выпадкі гэтай інфекцыі.

Вольга БАЦКАЛЕВІЧ,
памочнік урача-эпідэміёлага
ДУ «Ляхавіцкая райЦГіЭ»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *