Майскі настрой

Мусіць, і не магла гэта святочная канцэнтрацыя прыпасці на іншы месяц. Белакіпенна-ружовым, ярка-зялёным, пранізліва-блакітным, пунсова-цюльпанавым рознакаляроўем – садоў, лугоў, газонаў, нябёсаў – абрамляюцца Свята працы і свята Перамогі, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага, прафесійныя – друку, работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, а таксама апошні школьны званок. Усе гэтыя і некаторыя іншыя чырвонакаляндарныя акалічнасці аб’ядноўваюцца агульным назоўнікам – шчодрарадасным, трапяткім, патэтычным і паэтычным месяцам – маем. Вось такі маем Май! Семдзесят два гады запар як далучылі да яго галоўныя вызначэнні – пераможны, мірны. Пасля доўгажудасных вёрстаў вайны ім адноўлена тэрыторыя міру – і ў часе, і ў прасторы.
А пачынаецца “назоўнік” першамайскім настроем. Ён такі… такі асаблівы, быццам сама вясна кліча  радавацца жыццю і любавацца, любавацца, любавацца навакольнай прыгажосцю – пейзажа, партрэта, нацюрморта. Прывабнасцю дзяўчат, якія, нягледзячы на халаднаватыя адносіны надвор’я, пераапрануліся ў больш лёгкае адзенне. Светласцю маладых мам, што з неперадавальнай гордасцю выгульваюць у калясках сваіх малышоў. Палітрай успыхнуўшых фантастычнымі фарбамі клумбаў. Чароўным відовішчам: лебедзі на люстры рачулкі. І яшчэ, і зноў, і ў працяг…
Даўным-даўно, аж у мінулым тысячагоддзі, 1 Мая адзначалася як міжнародны дзень салідарнасці працоўных. Сцягі, шары, транспаранты, усмешкі, віншаванні, заклікі, дэманстрацыя, а потым абавязкова госці і святочны стол: салат з гарошкам, халадзец, торт, ліманад… А з танцпляцоўкі неслася музыка духавога аркестра, і танцавалі ўсе. Гэта было так натуральна, так модна (у трэндзе, калі па-сённяшняму).
Цяпер у Беларусі адзначаецца Свята працы. І як жа добра, як справядліва, што ў жыццёва важнага працэсу, у якім закладзена філасофія быцця і развіцця, ёсць свой асабісты – небудзённы – дзень, і што менавіта гэтым днём распачынаецца май. А напярэдадні яго, і гэта, мусіць, генетычна-гістарычна абумоўлена, мы ўсе шчыруем на суботніку. Вось і сёлета не стала выключэннем: прыбіраліся, добраўпарадкаваліся, мялі, чысцілі, фарбавалі. Як само сабой зразумелае, і зусім яно не ў цяжар. Выдатнае, гіпнатычнае слова «разам». Памятаю пачутае ў дзяцінстве: адзін дубчык пераламаць лёгка, а збяры вязанку – і трываласць яе не пераадолееш. Гэта наконт таго, што разам значна больш надзейна і моцна.
Праца зрабіла чалавека чалавекам? Чалавек зрабіў працу сваёй матэрыяльнай, маральнай, духоўнай неабходнасцю?  Філасофстваваць-разважаць можна зноў і зноў. Проста яны, чалавек і праца, створаны адзін для аднаго. Некалі даўні продак кінуў у зямлю зерне, і яно прарасло жытнім коласам. Сённяшнія хлебныя палі, бы песня. Музыка ў яе народная, выкананне народнае – што можа быць больш шчырым і выразным?!
Мы гаворым пра хлеб надзённы. І само сабой зразумелае, што аўтар яго – чалавек працы. Прыгадваем, напрыклад, вершаваныя радкі. І маем на ўвазе: нарадзіліся яны ў творчым азарэнні, але выпеставаны таксама ў рабочым працэсе. Чалавек працай славіцца. Нездарма рукі майстра называюць залатымі. Маміны – пяшчотнымі, рабочыя – нястомнымі. Гімн рукам спявае і ўраджайная ніва, і дагледжаная гаспадарка, і адноўлены лес, і адваяваныя ў балот землі.
Першамайская відавочнасць – усмешкі, яркасць, высокае неба, стук абцасікаў, нарцысы і цюльпаны, пах дымку ад мангалаў, сустрэчы сяброў і жаданне пагаварыць ”за жыццё”. Усё гэта – у мажоры, і клічнікаў не шкадуем на такую суцэльную прыгажосць. Кожны раз, кожны год, як упершыню, робім крок у трэці месяц вясны – і апынаемся ў казцы з яе шыкоўным рэквізітам.
А майскі настрой непаўторны. Прасторна пачуццям, светла душы, мілагучна слыху, а ўжо як шыкоўна і прыемна воку – не перадаць. Усё разам гэта ёсць жыццё, і сінонім яго – мір. Мір нашаму дому!
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *