Перыёдыка з зайздросным пастаянствам

Арганізатар рознічнага продажу Марына Кулініч (справа) і загадчыца склада Алена Сяргейчык.

5 мая прафесійнае свята разам з супрацоўнікамі рэдакцый, кніжных выдавецтваў і друкарняў адзначаюць работнікі сістэмы саюздруку – тыя, з чыёй дапамогай перыядычныя друкаваныя выданні ўжо амаль стагоддзе знаходзяць сваіх чытачоў.

Канешне, за час існавання саюздруку яго функцыі істотна пашырыліся. Сёння, акрамя перыёдыкі, на паліцах кіёскаў у шырокім асартыменце – тавары паўсядзённага попыту, спадарожныя тавары, канцылярская прадукцыя, касметыка, нават посуд і прадукты харчавання. Але газеты і часопісы па-ранейшаму займаюць самыя бачныя і зручныя месцы.
5 гандлёвых кропак Брэстаблсаюздруку ў нашым райцэнтры прапануюць больш за 400 найменняў друкаваных выданняў, сярод якіх і раёнка.
Самую свежую прэсу (і не толькі) можна штодзень набыць у двух зручных павільёнах самаабслугоўвання на вуліцы Леніна, у кіёсках на вуліцы Южакова і ў мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай, а таксама ў гандлёвым аб’екце, размешчаным у райбальніцы (ён, дарэчы, пераехаў на другі паверх будынка ў памяшканне каля лабараторыі).
У раённым аддзяленні Брэстаблсаюздруку стараюцца крочыць у нагу з часам і паспяваць за запытамі пакупнікоў. Ранні пачатак працоўнай змены – для зручнасці патэнцыяльных кліентаў, якія могуць купіць неабходную дробязь па дарозе на работу, у школу, у каледж.
Няма патрэбнага тавару? Можна яго заказаць! Па запыце вам прывязуць патрэбныя кнігі, часопісы, энцыклапедыі, даведнікі і многае іншае. Цікавяць калекцыйныя выданні? Самыя апошнія прапановы знойдуцца менавіта ў саюздруку.
А, напрыклад, асартымент бальнічнага гандлёвага аб’екта мае на мэце па максімуму задаволіць надзённыя патрэбы пацыентаў і медыкаў. Пры неабходнасці тут прапануюць і сёе-тое з патрэбнага ў бальніцы адзення і абутку.
Даволі паспяховы маркетынгавы ход – усемагчымыя скідкі і акцыі – апошнім часам увайшоў і ў саюздрукаўскую практыку.
З раённым аддзяленнем з задавальненнем супрацоўнічаюць каля 300 арганізацый, якія, у асноўным, набываюць па безнаяўным разліку канцылярскія і спадарожныя тавары.
Пералік, безумоўна, не вычарпальны. Але і ён здольны паказаць, наколькі гарманічна Брэстаблсаюздрук упісаўся ў наш сённяшні дзень. І нагадаць,  што яго кіёскі і павільёны сталі для многіх з нас прыемным прыпынкам  на маршруце з работы дадому, а тутэйшыя прадаўцы – ці не добрымі сябрамі, якія параяць, падкажуць, нагадаюць, што прыйшоў “ваш” часопіс. А ў дадатак да выгаднай пакупкі “аформяць” усмешку для нашага добрага настрою.
Дарэчы, сёлета ў сваё прафесійнае свята загадчыца склада раённага аддзялення УП “Брэстабл-саюздрук” Алена Сяргейчык атрымала цудоўны падарунак: яе партрэт занесены на абласную Дошку гонару прадпрыемства. Гэта заслужаная ўзнагарода за больш як 3 дзесяцігоддзі сумленнай працы ў саюздруку.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

5 мая ў календары газетчыкаў, у тым ліку і супрацоўнікаў “ЛВ”, – дата асаблівая. Дзень друку для нас не толькі прафесійнае свята. Мы з задавальненнем падзяляем яго са сваімі дарагімі чытачамі, шаноўнымі памочнікамі, якія друкуюць, распаўсюджваюць, дастаўляюць па адрасах падпісчыкаў раёнку, – калектывамі ААТ “Брэсцкая друкарня”, раённага вузла паштовай сувязі, аддзялення Брэстаблсаюздруку.
Ад душы зычым усім святочнага майскага настрою, натхнення і жадання ствараць! Здароўя, ладу і ўзаемаразумення! І няхай самым чаканым госцем у кожным доме нашых землякоў будзе “Ляхавіцкі веснік”!
Шчыра ваш, “ЛВ”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *