Прыгожае шоу /фота new/

Вечарам у мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры быў бенефіс маладосці, прыгажосці і  грацыёзнасці. Сабралася поўная зала гледачоў, каб падтрымаць прэтэндэнтак на  тытул “Ляхавічанка- 2017”.
За права звацца  самай-самай  у чатырох конкурсах спаборнічала прыгожая чацвёрка: інспектар па кадрах камунгаса Вольга Карпік, мастацкі кіраўнік ГДК Вольга Пішч, выкладчыца ЛДАКа Вольга  Сакун, навучэнка ветэрынарнага  аддзялення гэтай  навучальнай  установы  Анастасія Шчэрба (на здымку).
Падчас іспыту “Візітоўка” ўдзельніцы  расказвалі пра сябе, для  чаго многія выкарыстоўвалі відэаролікі.  Што ж даведаліся гледачы? У Вольгі Карпік шмат сяброў, якія часта прыходзяць у госці, таму яна  любіць кулінарыць і… марыць стаць магістрам юрыдычных навук. Вольга Пішч – натура творчая, галоўная выканаўца шматлікіх роляў – дачка, мама, жонка, памочніца. Самай важнай падзеяй у сваім жыцці выпускніца ўніверсітэта культуры лічыць нараджэнне дачушкі, якая  разам з татам прыйшла падтрымаць маму.
Кола захапленняў Вольгі Сакун вельмі шырокае: навука, спорт, паэзія. А яшчэ  яна любіць марыць  і будаваць планы на будучыню.  Насця Шчэрба – нераўнадушная асоба і актывістка, з дзяцінства лячыла коцікаў,сабачак, птушак, паўдзельнічала  ў  рэспубліканскім конкурсе “Студэнцкая вясна”, каледжскім велапрабегу і конкурсе аўтарскай песні,   была ўладальніцай прыза глядацкіх сімпатый у свяце “Міс каляджанка”.
Цікава прайшлі і этапы “Мая прафесія – мой выбар”( удзельніцы крэатыўна  прадставілі  сваю прафесію), “Бітва талентаў” (дзяўчаты чыталі вершы, спявалі,танцавалі, дэманстравалі кулінарнае майстэрства). Захапіла ўсіх і дэфіле ў вячэрніх сукенках.
Свой выбар зрабілі і балельшчыкі: прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Вользе Пішч.  Журы доўга спрачалася наконт таго, хто стане пераможцай, бо ўсе ўдзельніцы дастойныя. І ўсё ж на гэты раз удача паспрыяла  Вользе Сакун, якая і атрымала галоўны тытул “Ляхавічанка-2017”. Без кветак, падарункаў ад спонсараў не засталася ні адна ўдзельніца. А добры настрой стваралі маладыя  ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *