Хто “круціць”, будзе мець. У СВК «Ляхавіцкі» корманарыхтоўшчыкі даўно і трывала сябруюць з сучаснымі тэхналогіямі

Леанід Пішч: фота для прэсы на фоне прэса

Нягледзячы на ўраджайную прахалоду шматгадовых траў, на зялёных палетках раёна атмасфера гарачыні. Здаецца, працоўны градус нават некалькі апярэджвае тэмпературны. Старанне і руплівасць нарыхтоўшчыкаў на фоне спрыяльнага надвор’я з’яўляюцца адным з элементаў выніковасці касавіцы. Плюс тэхналогіі, да якіх усё больш патрабаванняў, якія не стаяць на месцы і да якіх з асаблівай пастаяннай ашчаднасцю ставяцца ў СВК “Ляхавіцкі”. Па класіфікацыі галоўнага заатэхніка гаспадаркі Уладзіміра Ксёнжыка, травы ў гэтым годзе сярэднія па ўраджайнасці. Усё астаняе –

на самым высокім узроўні: арганізацыя, паслядоўнасць, тэхналагічная дысцыпліна, тэхнічная аснашчанасць. За тры першыя касавічныя дні русінавіцкія корманарыхтоўшчыкі набралі і закрылі першую сянажную траншэю. Як ніяк – 1300 тон корму.
Паралельна – круцяць. У дадатак да траншэйнай класікі, на палетку працуе прэс-падборшчык-абмотчык, пакідаючы за сабой роўныя, упакаваныя ў бліскучы пад сонечнымі промнямі поліэтылен сянажныя шпулі. Такі спосаб закладкі травяных кармоў даўно ўжо не дзіва – “усяго толькі” вельмі якасны і па-ранейшаму сучасны спосаб захоўвання сенажу.
Галоўным на прэсе Леанід Пішч. Вопытны і ўмелы механізатар, надзейны і адказны работнік. Ён аднолькава роўна адчувае сябе на многіх тыпах тэхнікі, на розных сельскагаспадарчых аперацыях. У іх ліку, канешне ж, касавічны клопат, які для аграрыяў з’яўляецца бліжэйшым безумоўным аграпрыярытэтам.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

«Адказны корманарыхтоўшчык» Уладзімір Ксёнжык (у цэнтры) з механізатарамі Валерыем Ракашэвічам (першы злева) і Леанідам Пішчом.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *