Салодкая культура. Ляхавіцкі раён прыступіў да ўборкі цукровых буракоў

Абапал дарогі – сельскагаспадарчыя палеткі.
З аднаго боку ўжо ў выглядзе кукурузнага ржышча і аддаленага сілуэта корманарыхтоўчай тэхнікі: уборачнага комплексу і трактара-адвозчыка. Па другі бок – паласа свежай раллі і «Беларус» з плугамі. Яшчэ далей заўважаеш заняты сваёй справай самаходны апырсквальнік. І – уборку цукровых буракоў. Буйнейшым іх вытворцам у нашым раёне з’яўляецца ААТ «Жарабковічы».
Буракаўборачны камбайн практычна не пакідае палеткі. Мяняюцца толькі яго экіпажы. Руслану Куліцкаму і Віктару Клемяня (на здымку злева направа) на той момант выпала дзённая вахта.

Сёлета салодкі клін гаспадаркі займае 900 гектараў, частка якіх ужо ўбрана, а некаторая колькасць нават паспела трапіць на буракапрыёмны пункт. Гэта транзітная кропка на шляху ад поля да канчатковага спажыўца размешчана ў Баранавічах. Туды і трымаюць шлях аўтамабілі-адвозчыкі. Задзейнічаны як ангажыраваныя заводам-перапрацоўшчыкам аўтаперавозчыкі, так і жарабковіцкія шматтонныя МАЗы. Апошнія маюць прывілеі:
– Нашым машынам прадастаўляецца «зялёная вуліца», – растлумачыў брыгадзір вытворчага ўчастка № 3 ААТ «Жарабковічы» Віктар Жук. Ад Віктара Уладзіміравіча даведваемся і многа іншага ў тэму салодкага жніва-2019. Напрыклад, што пачалі з не самых лепшых участкаў – нізкіх і пераўвільготненых. У тым ліку і па гэтай прычыне ўборка стартавала іменна адсюль:
– З восенню верагоднасць дажджоў павялічваецца. Пройдуць, і паспрабуй пасля заехаць з камбайнам, – адзначае брыгадзір.
Заслугоўвае ўвагі арганізацыйная прадуманасць комплексу буракаўборачных работ. Камбайн-уборшчык не пакідае цукровую ніву суткамі. Мяняюцца толькі экіпажы, што ім кіруюць. Іх два, па два механізатары ў кожным. Чаргуючы дзень з ноччу, працоўныя суткі яны дзеляць пароўну. На ўскрайку поля ў дапамогу буракаўборшчыкам дзяжурыць легкавы аўтамабіль. На ім механізатары дабіраюцца на працу – з працы, на яго ж, у выпадку неабходнасці, можа быць ускла- дзена роля хуткай тэхнічнай дапамогі. Таксама ў якасці дапамогі побач з месцам уборкі-пагрузкі буракоў знаходзіцца МТЗ-3022.
– Нагружаныя 25 тонамі буракоў аўтамабілі часам вязнуць у полі. Тады трактар прыходзіць на выручку, – тлумачыць Віктар Жук.
Разам з «Жарабковічамі» на палеткі выйшлі і буракаводы ААТ «Шлях новы». Іх клін займае 700 гектараў. Гэта разам з некалькімі дзясяткамі ўжо ўбраных. Пакуль што сярэдні па раёне ўбраны гектар важыць у межах 430 цэнтнераў пры цукрыстасці 15,5 працэнта.
Райаграсэрвіс да ўборкі сваёй сотні салодкіх гектараў не прыступаў.
Іван КАВАЛЕНКА.