Навука правільнай пакупкі

У апошні час пачасціліся выпадкі зваротаў грамадзян у органы рэгулявання гандлю, а таксама грамадскія аб’яднанні абароны правоў спажыўцоў з просьбай дапамагчы  скасаваць дагавор куплі-продажу на дарагі тавар, які ім навязалі падчас правядзення прэзентацый “супер-посуду”, “цуда-бялізны” ці іншага “цудоўнага” тавару, і вярнуць яго прадаўцу. Аднак зрабіць гэта не заўсёды магчыма.

Як правіла, суб’екты гандлю, якія ажыццяўляюць гандаль па ўзорах (у тым ліку рэалізоўваюць тавары падчас правядзення прэзентацый), дзейнічаюць у прававым полі.
У большасці выпадкаў на рэалізуемыя тавары ёсць неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць бяспеку і якасць.
Штатныя юрысты распрацоўваюць дагаворы, якія не супярэчаць дзеючаму заканадаўству, а спецыялісты па продажы – добрыя псіхолагі і маркетолагі – умеюць прыгожа прэзентаваць любы тавар і пераканаць у яго неабходнасці.  А для таго, каб набыць гэты “цуда-тавар” у растэрміноўку, трэба ўнесці мінімальны першапачатковы плацеж, напрыклад, 10 рублёў, астатнія плацяжы разбіваюцца на год. “Заманьваюць” на прэзентацыі падарункамі, бясплатнымі абедамі, у асноўным пенсіянераў.
Але не трэба забываць народную мудрасць, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. Перш чым купляць тавар і заключаць дагавор, добра падумайце: ці патрэбна  вам самая “цудоўная” каструля ці патэльня з “антыпрыгарным” пакрыццём за 400-500  рублёў, ці бялізна за 2000 рублёў, нават калі яна ”антыалергенная” і “перашкаджае ўзнікненню інсультаў, інфарктаў і развіццю астэахандрозу”, ці лепш пайсці ў магазін і набыць аналагічны тавар па цане меншай у некалькі разоў? Тым самым вы засцеражаце сябе ад несумленных прадаўцоў, у якіх толькі адна мэта – прыбытак любой цаной.
Прэзентацыі і іншыя падобныя мерапрыемствы часцей за ўсё праводзяць у аддаленых населеных пунктах, далей ад свайго юрыдычнага адраса, склада ці іншага месца, указанага ў дагаворы куплі-продажу для вяртання тавару. Для таго, каб ускладніць пакупнікам магчымасць вярнуць неабходны тавар, у дагаворы куплі-продажу месцам вяртання аб’яўлены не актавая зала, клуб і г.д., дзе была арганізавана прэзентацыя, а Брэст, Мінск, Гродна…
У большасці выпадкаў рэалізуемы такім чынам тавар з’яўляецца якасным. Вярнуць (абмяняць) яго, у адпаведнасці з артыкулам 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”, пакупнік мае права, але на працягу 14 дзён з моманту продажу яму нехарчовага тавару, калі больш працяглы тэрмін не аб’яўлены прадаўцом, у месцы набыцця або іншых месцах, аб’яўленых прадаўцом,  пры ўмове, што тавар не быў ва ўжытку, захаваны яго спажывецкія якасці і маюцца доказы набыцця яго ў гэтага прадаўца.
Не ўсе якасныя тавары можна вярнуць прадаўцу. Не падлягаюць вяртанню бялізна, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, метражныя і тэхнічна складаныя тавары бытавога прызначэння, мэблевыя гарнітуры, прадметы асабістай гігіены, посуд і прыналежнасці сталовыя і кухонныя з палімерных матэрыялаў, якія кантактуюць з харчовымі прадуктамі, іншае.
Калі зразумелі, што купілі рэч, якая вам не патрэбна, асабліва за вялікія грошы, і вы не ў стане аплачваць крэдыт ці растэрміноўку, калі вам прадаставілі няпоўную ці непраўдзівую інфармацыю пра тавар, памятайце, што скасаваць дагавор куплі-продажу і вярнуць тавар ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны вы можаце асабіста ці праз давераную асобу, а не паштовым пераводам.
У супрацьлеглым выпадку плату за тавар з вас спагоняць праз суд.
У апошні час пад відам камунальных службаў да жыхароў вобласці прыходзяць прадаўцы фільтраў для вады, прадстаўнікі кампаній, якія абслугоўваюць пластыкавыя вокны, ванны і сантэхніку, абяцаюць якаснае і таннае абслугоўванне.
Маюць месца выпадкі, калі за аказаную паслугу прапануюць заплаціць 10 рублёў, але, як аказваецца ў далейшым, згодна з падпісаным дагаворам на абслугоўванне, канчатковая сума намнога большая, і 10 рублёў – гэта толькі першапачатковы ўзнос.
Уважліва чытайце дагаворы, перш чым іх падпісаць. Ставячы свой подпіс у дагаворы, вы пагаджаецеся  з усімі яго ўмовамі і цэнамі на паслугі і тавары.
А лепш не пускайце махляроў у свае дамы і кватэры!
Звяртаем увагу, што  за кансультацыяй і дапамогай па пытаннях абароны правоў спажыўцоў  вы можаце звярнуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па месцы жыхарства, а ў выпадку нязгоды з адказам на зварот – ва ўпраўленне гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама; у грамадскія аб’яднанні спажыўцоў, якія на бязвыплатнай аснове даюць кансультацыі па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.
Калі канфліктная сітуацыя не вырашана ў дасудовым парадку, за абаронай сваіх правоў, кампенсацыяй у поўным аб’ёме страт, шкоды, нанесеных у выніку недахопаў тавару (работы, паслугі), у тым ліку кампенсацыяй маральнай шкоды,  трэба звярнуцца з іскавай заявай у суд па месцы жыхарства ці знаходжання істца ці адказчыка.
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам спажыўцы вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны па ісках, звязаных з парушэннем іх правоў, прадугледжаных заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.
Інфармацыю па актуальных пытаннях абароны правоў спажыўцоў, заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь, каардынаты ўпаўнаважаных па абароне правоў спажыўцоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Брэсцкай вобласці, а таксама грамадскіх аб’яднанняў можна  знайсці на афіцыйным сайце Брэсцкага аблвыканкама http:www.brest-region.gov.by/indeх.php/ekonomika/torgovlya-i-bytovye-uslugi/zashchita-prav-potrebitelej.
Упраўленне гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *