Муфта збіраецца ў Еўропу. «Трансэлектракамплект» пашырае свае партнёрскія стасункі

Дырэктар прадпрыемства Генадзій Сакуць і намеснік начальніка па вытворчасці Віктар Матчэня.

Апошнім часам  заснавальнік і дырэктар ТАА “Трансэлектракамплект” Генадзій Сакуць пачынае працоўны дзень  не ў сваім кабінеце, а на  аб’екце-новабудоўлі: правярае, ацэньвае, разглядае варыянты. І не таму, што не давярае сваім падначаленым, проста  прывык трымаць пад асабістым кантролем усе важныя  справы. Узвядзенне новага цэха за кошт уласных сродкаў таварыства і крэдытаў такой, бясспрэчна, з’яўляецца.

– Гэты аб’ект вельмі важны для “Трансэлектракамплекта”.  Яго запуск  дазволіць  разгрузіць вытворчыя памяшканні, мадэрнізаваць вытворчасць за кошт новага  абсталявання і ўкаранення сучасных навуковых распрацовак, палепшыць фінансава-эканамічны стан прадпрыемства, умовы працы работнікаў, – расказвае Генадзій Станіслававіч.
Сярод прыярытэтаў тут і ахова працы. Інжынер па ахове працы Сяргей Наліўка ўважліва сочыць за захаваннем яе патрабаванняў. Трымаюць на грамадскім  кантролі гэты важнейшы  складнік паспяховай працы ўсяго калектыву і актывісты прафсаюзнай пярвічкі таварыства. Бесперабойная работа абсталявання  ў цэхах, забяспечанасць работнікаў спецаддзеннем, аснашчанасць  спецыяльных пакояў  для адпачынку ўсім неабходным – клопат кіраўніцтва і знак якасці таварыства.
Расія, Казахстан, у мінулым годзе далучылася Украіна – у гэтыя краіны адпраўляецца і карыстаецца там попытам электратэхнічная прадукцыя, а таксама вырабы з пластмасы, выпушчаныя  ў “Трансэлектракамплекце”.  Калі з расійскімі партнёрамі  (у пераважнай большасці ў асобе  “Нева-ТрансКомплект”)  у ляхавічан даўно наладжаны цесныя і даволі прадукцыйныя сувязі, то вытворча-гандлёвыя стасункі з той жа Украінай толькі выходзяць на  новы, больш  маштабны ўзровень.  Дырэктар “Трансэлектракамплекта” не стамляецца вучыцца сам: выязджае пераймаць вопыт у іншыя краіны, адпраўляе супрацоўнікаў прадпрыемства ў “разведку” новых тэхналогій.  Мэта адна –  павышэнне канкурэнтаздольнасці ўласнай прадукцыі і пошук  новых рынкаў збыту. Атрыманая дэкларацыя адпаведнасці на аснове тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза – таму ў дапамогу.  Супрацоўніцтва  з арганізацыямі краін удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза толькі пашыраецца, тавара-абарот расце. І гэта – факт.
Здавалася б, можна проста працягваць працаваць, не турбавацца пра новыя стасункі.  Але не ў правілах Сакуця і яго высокапрафесійнага калектыву спыняцца на дасягнутым. На прадпрыемстве ўжо “замахнуліся” і на краіны Еўрасаюза.  Перспектывы наладзіць пастаўкі электратэхнічнай прадукцыі, у тым ліку і муфтаў, на Захад  на прадпрыемстве разглядаюцца даўно. Вырысоўваюцца і патэнцыяльныя партнёры.  Намеснік начальніка па вытворчасці Віктар Матчэня прыадкрывае  сакрэт: пачалося ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з польскімі фірмамі, вядуцца перамовы на пастаўку трансэлектракамплектаўскага тавару.
– Зараз працуем над тым, каб засертыфікаваць нашу электратэхнічную прадукцыю па спецыяльнай міжнароднай сістэме менеджменту якасці. Тады з’явіцца магчымасць прадаваць яе ў краінах Еўрасаюза, – расказвае пра  бліжэйшыя перспектывы дырэктар ТАА.
Мяркую, што і гэта атрымаецца ў такога кіраўніка як Генадзій Сакуць. Нездарма ён неаднойчы прызнаваўся  лепшым прадпрымальнікам Брэсцкай вобласці.
Увогуле, якасць выпускаемай прадукцыі – штодзённы клопат, рэгулярна атрымлівае пацвярджэнне  адпаведнасці міжнароднаму стандарту.  Для стабільнай, паспяховай, канкурэнтаздольнай  вытворчасці  прасцей знайсці новыя рынкі збыту і пастаянных партнёраў. Так, па словах Віктара Матчэні, сумесныя дзеянні з расійскімі распрацоўшчыкамі палімерных кампазіцый, укаранення  навукова-тэхнічных распрацовак прывялі да стварэння  інавацыйнага тавару, што, у сваю чаргу, дазволіла  зменшыць сабекошт выпускаемай у “Трансэлектракамплекце” прадукцыі, павялічыць яе аб’ёмы. “Плюс” стаў больш важкім пасля запуску новага цэха.
Канешне, такая шматпрофільная  вытворчасць патрабуе  і  добра падрыхтаваных кадраў.  Таму павышэнне кваліфікацыі, вучоба і перанавучанне, стажыроўкі работнікаў – працэс пастаянны. А экспартаарыентаваная, інавацыйная, высакаякасная і з прымальным коштам прадукцыя   з фірменным знакам “Трансэлектракамплекта” – пераможца разнастайных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Трымаць марку таварыства стараецца ва ўсім. Менавіта тут упершыню ў нашым раёне на прадпрыемстве з прыватнай формай уласнасці была створана прафсаюзная арганізацыя.
– Прафсаюзная пярвічка – хоць і самая маладая ў раёне, ёй няма двух гадоў, але адна з самых актыўных. Такая сітуацыя склалася дзякуючы ініцыятыўнасці прафсаюзнага лідара Яўгенія Сяргея і падтрымцы  з боку дырэктара таварыства Генадзія Сакуця. Дарэчы, гэта прадпрыемства сёлета вызначана як адно з базавых для распаўсюджвання лепшага вопыту работы пярвічак, – расказвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура.
Больш за год тут працуе калектыўны дагавор,  заключаны  паміж кіраўніцтвам і прафкамам таварыства. Ён рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і работнікамі. Распрацаваны  палажэнні аб аплаце працы, прэміраванні, сацыяльныя гарантыі. Пра папулярнасць прафсаюза гаворыць і той факт, што з 90 працуючых –  87 яго члены.
– Прадпрыемства аплачвае пэўную частку, у залежнасці ад стажу працаўніка ў таварыстве, кошту пуцёўкі ў санаторый ці прафілакторый. Да Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, Новага года, прафесійнага свята работнікі атрымліваюць  матэрыяльную дапамогу, як і тыя, хто ідзе на пенсію, юбіляры, – усё за кошт таварыства. Прафсаюзная пярвічка выступіла і Дзедам Марозам –
20 хлопчыкаў і дзяўчынак, чые бацькі працуюць у “Трансэлектракамплекце”, пабывалі на навагоднім прадстаўленні ў Палацы культуры прафсаюзаў у Брэсце. Бацькам пачаткоўцаў выплачваецца грашовая дапамога на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года, – расказвае прафсаюзны лідар Яўгеній  Сяргей.
Адміністрацыя і прафкам дзейнічаюць сумесна. У іх агульныя мэты: сацыяльна-эканамічнае развіццё прадпрыемства, умацаванне дысцыпліны, павышэнне прадукцыйнасці працы, стварэнне здаровых і бяспечных умоў на працоўных месцах. Такі сённяшні дзень ТАА “Трансэлектракамплект”.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшыня прафкама, намеснік дырэктара «Трансэлектракамплекта» Яўгеній Сяргей праводзіць лятучку з прафсаюзнымі актывістамі.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *