Журналісцкі фэст: баранавіцкія каардынаты

Геаграфія журналісцкіх фэстаў, на якія штогод абласная ўлада запрашае газетчыкаў, работнікаў радыё і тэлебачання Брэстчыны, каб падвесці вынікі традыцыйнага творчага спаборніцтва журналістаў, на гэты раз папоўнілася Баранавічамі. Здаецца, што пра горад-сусед вядома ўсё, аднак, ён раскрыўся зусім па-новаму, велічна, аптымістычна і, як заўсёды, гасцінна. Сардэчнасць, інфармацыйная насычанасць і жаданне паказаць дасягненні другога па велічыні населенага пункта вобласці дабавілі эмоцый усім удзельнікам экскурсіі ў краязнаўчы музей, дзе ўразіла тэатралізаванае прадстаўленне, якое нібы аднавіла  старонкі гарадской гісторыі. Нікога не пакінула раўнадушнай і экскурсія па Баранавічах.  Захапленне і павагу  выклікала маштабнасць вытворчасцяў авіярамонтнага завода, а таксама Баранавіцкага вытворчага баваўняна-папяровага аб’яднання.
Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі вітаў удзельнікаў гэтага святочнага збору і зазначыў, што лічыць нерадавой для горада падзеяй – стаць творчай пляцоўкай для тых, хто аказвае вельмі вялікі ўплыў на фарміраванне настрою грамадства, грамадскай думкі.
У вялікай зале гарадскога выканаўчага камітэта фанфары абвясцілі аб пачатку цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый газет, радыё і тэлебачання і прафесіянальных журналістаў. Узнагароды ўручаў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка, які падзякаваў журналістам за іх творчую працу і пажадаў далейшых поспехаў, трапных публікацый, добрых тыражоў, сумленнага і аб’ектыўнага стаўлення да таго, з чым журналіст ідзе да сваіх чытачоў, слухачоў, гледачоў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэлагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава таксама павіншавала калег і ўручыла спецыяльныя дыпломы абласнога выканаўчага камітэта шэрагу рэдакцый і журналістаў.
Без узнагароды не вярнулася з фэсту і «Ляхавіцкі веснік»: дыпломам Брэсцкага аблвыканкама газета адзначана за творчы падыход і разнапланавасць матэрыялаў, прысвечаных Году культуры.
Вітаў калег і старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў, рэдактар «Зари» Аляксандр Лагвіновіч. Як жа па-добраму ўсхвалявана і душэўна прагучалі ягоныя словы, адрасаваныя ветэранам журналістыкі. Шмат гадоў «Ляхавіцкі веснік» узначальваў добра вядомы ў раёне і за яго межамі прафесіянал-газетчык Іосіф Карпыза, чыё працоўнае жыццё практычна цалкам звязана з нашай раёнкай. Настаўнік многіх журналістаў, якія «вылецелі» з-пад яго крыла, ён па-ранейшаму нераўнадушны, адкрыты, вельмі шчыры і вельмі свой. Калегі шчыра віншуюць Іосіфа Цімафеевіча з узнагародай – дыпломам  абласной арганізацыі БСЖ, які ўрачыста ўручыў яму  Аляксандр Лагвіновіч.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *