Горкае рэха вайны

22 чэрвеня 2017 года  на праваслаўных могілках у Ляхавічах былі перапахаваны астанкі пяці  мірных жыхароў, магчыма, ахвяр Вялікай Айчыннай. Астанкі былі знойдзены сёлета ў сярэдзіне мая падчас правядзення будаўнічых работ у адным з двароў па вуліцы Леніна ў райцэнтры. З 15 па 23 мая на гэтым месцы працавалі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Крыміналістычная экспертыза ўстанавіла, што астанкі належаць пяці чалавекам, якія  маглі загінуць у гады Вялікай Айчыннай.
Мітынг-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў улады, грамадскасці, ваеннаслужачых, школьнікаў, мясцовых жыхароў адкрыў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк. Айцец Максім адслужыў малебен па загінуўшых, чые астанкі перапахавалі ў брацкую магілу. Сюды ўсклалі кветкі і вянкі ад раённай улады, раённых арганізацый ГА “Белая Русь” і БРСМ.
Дапамогу ў арганізацыі перапахавання аказалі КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” і індывідуальны прадпрымальнік Андрэй  Ізафатаў.
Вялікая Айчынная нагадала пра сябе і  21 чэрвеня гэтага года: падчас земляных работ на тэхнічнай паласе на 279-м кіламетры перагону “Рэйтанава-Ганцавічы”, недалёка ад вёскі Гайнін, знодзены 13 мінамётных мінаў, граната і ўзрывальнік  ваенных часоў.  Пра небяспечную знаходку адразу паведамілі ў міліцыю.  Прыбыўшыя па выкліку сапёры знішчылі  ваенныя боепрыпасы.
Ларыса ЮШКЕВІЧ,
галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі райвыканкама.
ФОта Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *