Душа баліць і сэрца плача

Беларускія медыкі дасягнулі значных поспехаў у кардыялогіі. У спецыялізаваных цэнтрах, буйных клініках праводзяцца  аперацыі, у тым ліку і перасадка сэрца, але, на жаль, высокія тэхналогіі не вырашаюць усе праблемы.

Па меркаванні спецыялістаў, асноўны шлях  зніжэння смяротнасці,  затрат  на лячэнне, у тым ліку і сардэчна-сасудзістых захворванняў  — прафілактыка. Яна павінна быць накіравана на ўсё, што можа паўплываць на  свядомасць людзей і ўздзейнічаць на асноўныя фактары рызыкі.  Пра сардэчныя праблемы сёння разважаюць загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райпаліклінікі Віктар Мацейчык і загадчыца кабінета функцыянальнай дыягностыкі УАЗ «Ляхавіцкая   цэнтральная раённая бальніца» Таццяна Літвіненка.

В. Мацейчык:

— Найбольш распаўсюджанымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі з’яўляюцца ішэмічная хвароба сэрца (ІХС) і артэрыяльная гіпертэнзія (АГ). Сярод дарослага насельніцтва АГ выяўляецца ў кожнага 4-га, а ва ўзроставай групе пасля 60 гадоў — у кожнага 2-га. Сёлета за 9 месяцаў у Ляхавіцкім раёне зарэгістравана 32 выпадкі інфаркту міякарда (у тым ліку 6 пацыентаў працаздольнага ўзросту) і 113 выпадкаў вострага парушэння мазгавога кровазвароту  (11 — у асоб працаздольнага ўзросту).

Сучасны лад жыцця «багаты» фактарамі рызыкі хвароб кровазвароту: паскораны тэмп жыцця і значнае псіхаэмацыянальнае напружанне, недастатковая фізічная актыўнасць,  залішняе харчаванне з перавагай тлустай і салодкай ежы, празмернае ўжыванне солі. Акрамя асноўных прычын, у развіцці хваробы ўлічваюцца няправільны лад жыцця (курэнне, алкаголь, незахаванне рэжымаў працы і адпачынку), спадчыннасць, захворванні іншых органаў (цукровы    дыябет, атлусценне, падагра і інш.).

Т. Літвіненка:

— Адзін з асноўных правакуючых фактараў хвароб сістэмы кровазвароту — незбалансаванае харчаванне, і, як, наступства, — паўната, атлусценне. Паралельна  ідуць і павышэнне артэрыяльнага ціску, цукровы дыябет і яшчэ цэлы букет хвароб.  Таму варта сачыць за харчовымі звычкамі. Аднак, урач нікога не прымусіць рацыянальна харчавацца, кожны чалавек выбірае сам.

В. Мацейчык:

— Калі гаварыць пра сімптомы, то адным з важнейшых з’яўляюцца болі ў вобласці сэрца, якія носяць, у залежнасці ад захворвання, розны характар.  Болі за грудзінай ці крыху лявей, якія аддаюць  у левую лапатку ці левую руку, шыю (пры стэнакардыі), часта з’яўляюцца пры фізічнай напружанасці, могуць быць інтэнсіўнымі і доўгімі (інфаркт міякарда), іншы раз узнікаюць пры фізічнай нагрузцы ці эмацыянальным напружанні (ішэмічная хвароба сэрца). Таму ў любым выпадку патрэбны агляд урача, менавіта на ранняе выяўленне хвароб скіраваны намаганні медыкаў. Аднак, варта ведаць, што прычынай болевых адчуванняў у вобласці сэрца могуць быць хваробы іншых органаў. Таксама часта сустракаецца і такі сімптом, як адышка. Спачатку яна ўзнікае толькі пры фізічнай напружанасці, пад’ёме па лесвіцы ці ў гору, пры хуткай хадзьбе. Далей адышка з’яўляецца пры невялікай фізічнай актыўнасці, пры размове, пасля яды, а на апошняй стадыі — і ў стане спакою.

Т.  Літвіненка:

— Нярэдка пацыенты скардзяцца на сэрцабіцце, перабоі ў рабоце сэрца. Пры цяжкай сардэчнай недастатковасці ў хворых узнікаюць ацёкі на нагах. Звяртае на сябе ўвагу і колер скуры — фіялетава-чырвоныя шчокі, сінюшныя вусны. Сярод іншых сімптомаў  хвароб кровазвароту, у тым ліку мазгавога — аняменне твару, рукі ці нагі,  чалавеку становіцца цяжка гаварыць,  людзі не разумеюць яго мову, парушаецца зрокавае ўспрыманне, паходка, пачынаецца галавакружэнне, губляюцца раўнавага і каардынацыя, моцна баліць галава. У абавязковым парадку  людзям, якія знаходзяць у сабе такія сімптомы, неабходна не марудзячы звярнуцца за медыцынскай дапамогай.

В. Мацейчык:

— Калі гаварыць пра прафілактыку, то хочацца ўзгадаць фразу: «Разумны го-ніцца не за тым, што прыемна, а за тым, што пазбавіць яго ад непрыемнасцей».

Змяненне ладу жыцця — аснова прафілактыкі захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Свае жаданні трэба суадносіць з магчымасцямі, неабходна ставіць рэальныя мэты — гэта дапаможа пазбегнуць стрэсавай сітуацыі. Любому чалавеку неабходны станоўчыя эмоцыі: атрымлівайце задавальненне ад жыцця і часцей усміхайцеся і сабе, і людзям, якія побач.

Трэба адмовіцца ад курэння, знізіць ужыванне спіртнога, нармалізаваць вагу цела, больш займацца ўмеранай фізічнай працай і абавязкова не забываць пра рух, памяняць рацыён харчавання (менш ужываць солі, больш прадуктаў, якія  ўтрымліваюць калій, і, канешне, не забываць пра агародніну, садавіну, рыбу і іншыя морапрадукты). Пры з’яўленні якіх-небудзь праблем, звязаных з органамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, неабходна адразу звяртацца да ўрача, а не займацца самалячэннем, народнай медыцынай. Яна, безумоўна, можа дапамагчы, але як дапаўненне да медыкаментознай тэрапіі. Цяпер у райбальніцы ёсць практычна ўсё неабходнае  сучаснае абсталяванне для функцыянальнай дыягностыкі і лабараторнага  абследавання кардыялагічных хвароб.  Пацыенту неабходна своечасова звярнуць увагу на збоі, якія дае арганізм, і  наведаць урача.

Т.  Літвіненка:

— Не забывайце і пра прафілактычныя штогадовыя медыцынскія агляды, іх трэба праходзіць нават тады, калі адсутнічаюць скаргі. У дыспансерызацыю ўваходзяць  флюараграфія органаў грудной поласці, электракардыяграфія,  аналіз крыві і мачы, вымярэнне ўзроўню глюкозы і халестэрыну, а пры неабходнасці — сутачны маніторынг ЭКГ, крывянога ціску, ультрагукавое абследаванне.

Хачу дадаць, што для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў лепш за ўсё падыходзяць хуткая хадзьба, бег трусцой, язда на веласіпедзе, плаванне, катанне на лыжах. Падабраць аптымальную для вас праграму дапаможа ўрач. Захоўваючы гэтыя меры прафілактыкі, можна пазбегнуць ці своечасова выявіць паталогію сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *